У лісце кіраўнікам упраўленняў і аддзелаў выканкама начальнік ідэалагічнага аддзела галоўнай дзяржаўнай установы Слонімскага раёна Ігар Лапікаў сведчыць пра «недапушчальна нізкі ўзровень падпіскі» на дзяржаўную прэсу. Ён просіць скласці спісы тых, хто аформіў падпіску на «Советскую Белоруссию» і «Слонімскі веснік», і тых, хто яе праігнараваў.
Не падпісаўся? У чорны спіс
Такім чынам ідэалагічны аддзел Слонімскага райвыканкама спрабуе выратаваць сітуацыю з кепскай падпіскай на дзяржаўную прэсу. Начальнік аддзела разаслаў ліст з просьбай да 24 снежня прадаставіць звесткі аб падпісцы працаўнікоў на «Советскую Белоруссию» і «Слонімскі веснік» “для далейшай праверкі дадзеных”.
У асобны спіс мусяць патрапіць працаўнікі выканкама, якія не падпісаліся на гэтыя газеты.
Падобны выпадак адбыўся і ў іншым рэгіёне Беларусі. Так, 15 снежня галоўнаму рэдактару недзяржаўнай газеты «Бобруйский курьер» Анатолю Санаценку патэлефанавалі з мясцовай падаткавай інспекцыі і сталі патрабаваць падпісацца на часопіс «Налоги Беларуси» (выданне Міністэрства па падатках і зборах РБ). Паводле інспектара, ад падаткавікоў зараз патрабуюць забеспячэння падпіскі на гэтае выданне ўсіх суб’ектаў гаспадарання.
“Гарвыканкам загадаў не працаваць з недзяржаўнай прэсай”
Праз два дні, 17 снежня, на ідэалагічных жа падставах буйное прадпрыемства “Красный пишевик” адмовіла ў размяшчэнні рэкламы газеце “Бобруйский курьер”. Ідэолаг прадпрыемства спаслаўся на тое, што яны працуюць толькі з дзяржаўнай прэсай: “Так нам загадаў гарвыканкам. І з іншымі СМІ мы не працуем…”.
Забеспячэнне незалежным СМІ роўных умоваў канкурэнцыі з дзяржаўнымі “рупарамі” – адно з асноўных патрабаванняў Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) да ўладаў, якое дагэтуль ігнаруецца. Шэрагу незалежных выданняў па-ранейшаму адмаўляюць у дзяржаўным распаўсюдзе, чыноўнікі баяцца даваць ім інтэрв’ю і звычайна адмаўляюць у каментарах.