Былы кіраўнік цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта Алег Праляскоўскі прызначаны міністрам інфармацыі Беларусі. Адпаведны ўказ 4 снежня 2009 года падпісаў кіраўнік дзяржавы.
Алег Праляскоўскі змяніў на гэтай пасадзе міністра інфармацыі Уладзіміра Русакевіча, які ўзначальваў міністэрства са жніўня 2003 года.
Гэтае прызначэнне выклікала шырокі рэзананс сярод прафесіяналаў у сферы медыя ў Беларусі.
Журналіст=ідэалагічны работнік
Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна пракаментавала навіну наступным чынам:
“Прызначэнне міністрам інфармацыі Алега Праляскоўскага, у якога за плячамі кіраванне ідэалагічнай працай у краіне, — гэта чарговае пацверджанне таго, што, на жаль, дзяржава не бачыць мяжы паміж прафесіямі журналіста і ідэолага.
Сфера ўспрымаецца ёй як прыярытэтны кірунак прапагандысцкай працы.
Трывожыць тое, што яшчэ падчас працы ў Галоўным ідэалагічным упраўленні сп. Праляскоўскі быў паслядоўным прыхільнікам ідэі дзяржаўнага рэгулявання Інтэрнету. Журналісты памятаюць яго выказванні наконт неабходнасці заканадаўча замацаваць адказнасць за распаўсюд “супрацьпраўнай” інфармацыі ў Сеціве. Новае прызначэнне можа быць знакам таго, што дзяржава вернецца да пытання кантролю над Інтэрнетам”.
Сталінскі стыль кіравання
Аляксандр Класкоўскі падтрымаў меркаванне “БАЖ” на старонках “Нашай Нівы” ў сваёй публікацыі “Наменклатурную матрыцу проста перазагрузілі”, дзе даў саркастычны каментар адносна сітуацыі:
“Фактычна гэта сталінскі стыль. Па-першае, каб вялікія шышкі не абрасталі сувязямі, не стваралі кланы. Па-другое, каб у прынцыпе служба мёдам не здавалася”.
Аналітык упэўнены, што новае прызначэнне не ўяўляе якіх-небудзь істотных змяненняў у галіне кіравання. Адпаведныя змены былі праведзеныя і ў некаторых іншых міністэрствах і ведамствах.
А. Класкоўскі не мае сентыментаў у адносінах да так званай лібералізацыі. На яго думку, з назначэннем Праляскоўскага яна скончылася.
Новы міністр інфармацыі на сваёй былой пасадзе “быў адказны за ідэалогію ў Лукашэнкавай адміністрацыі, запомніўся метадычнымі рэпрэсіямі супраць недзяржаўных СМІ. Абсяг незалежнай прэсы проста выпальвалі. Сякера была занесена і над Сецівам. Менавіта гэты чалавек цвердзіў, што трэба строга кантраляваць Інтэрнэт.
Прыход сапраўднага палкоўніка на месца стараннага, але нязлоснага Русакевіча — гэта найперш, канечне, умацаванне стратэгічнага плацдарму ў медыясферы перад выбарамі”.
Спрэчная фігура
Нягледзячы на крытыку і хваляванні, неабходна зазначыць той факт, што падчас узначальвання Праляскоўскім Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта незалежныя газеты “Наша Ніва” і Народная Воля” былі вернутыя ў сістэму дзяржаўнага распаўсюду.
Таксама можна згадаць, як у 2007 годзе новы міністр сустрэўся з рок-музыкамі, што былі ўнесеныя ў “чорны спіс”, і паабяцаў зняць забарону на іх канцэрты ў Беларусі, аднак пры ўмове, калі яны не будуць умешвацца ў палітыку.
Так ці інакш, Праляскоўскі як міністр будзе ацэнены ў залежнасці ад яго фактычных дзеянняў на новай пасадзе.
***
Алег Праляскоўскі, 46 гадоў, скончыў Мінскае вышэйшае інжынернае зенітнае ракетнае вучылішча (1985) і юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1998). Працаваў Генеральным дырэктарам інфармацыйнага агенцтва БЕЛТА, намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта (2003), начальнікам Галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта (2007) і дырэктарам Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта (2008).