Зараз асуджаныя на смерць і іх родныя, а таксама праваабаронцы імкнуцца абараніць права на жыццё і  дамагчыся непрывядзення смяротных прысудаў у выкананне.

Са слоў берасцейскага праваабаронцы Рамана Кісляка, пасля таго, як Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь адхіліў касацыйную скаргу Андрэя Жука, маці асужданага накіравала зварот у  Камітэт ААН па правах чалавека.

Яе індывідуальны зварот быў зарэгістраваны 30 кастрычніка ў неадкладным парадку.  Раман Кісляк каментуе: “Мы лічым, што права на жыццё Андрэя Жука было парушанае, і спадзяемся, што Камітэт выявіць гэтае парушэнне. Мы будзем дабівацца замены смяротнага прысуду на іншае пакаранне.”

Жэнеўскі офіс Вярхоўнага камісара па правах чалавека накіраваў у Беларусь паведамленне пра рэгістрацыю звароту і патрабаванне не прыводзіць у выкананне смяротны прысуд, пакуль справа разглядаецца Камітэтам.

Нагадаем, што індывідуальны зварот Васіля Юзэпчука таксама быў зарэгістраваны Камітэтам ААН па правах чалавека 12 кастрычніка гэтага года.

Праваабаронцы накіравалі зварот у Міністэрства замежных спраў на імя міністра Сяргея Мартынава з нагоды рэгістрацыі ў Камітэце па правах чалавека ААН індывідуальнага звароту Васіля Юзэпчука.

Прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі заклікалі міністра замежных спраў прыняць усе неабходныя меры, скіраваныя на выкананне міжнародных абавязкаў, узятых на сябе Рэспублікай Беларусь.

Яны таксама звярнуліся да МЗС з заклікам накіраваць у межах сваёй кампетэнцыі адпаведным дзяржаўным органам паведамленне Жэнеўскага офіса Вярхоўнага Камісара ААН ад 12 кастрычніка 2009 года пра рэгістрацыю індывідуальнага звароту Васіля Юзэпчука і патрабаванне Камітэта па правах чалавека ААН прыпыніць выкананне смяротнага прысуду да разгляду скаргі па сутнасці.

Сябра Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч адзначыў: “Мы адмыслова надаем публічнасць гэтым фактам праз сродкі масавай інфармацыі, каб прадстаўнікі адпаведных дзяржаўных органаў не казалі пазней пра тое, што не ведалі пра адпаведнае патрабаванне Камітэта па правах чалавека ААН – не выконваць смяротныя прысуды Васілю Юзэпчуку і Андрэю Жуку да разгляду скаргаў па сутнасці. Мы будзем сачыць за гэтымі справамі.”

Праваабаронца таксама паведаміў, што аналагічныя звароты атрымаюць генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Рыгор Васілевіч, міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў і кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей.

Акрамя таго, Беларускі Хельсінкскі Камітэт (БХК) выказаў расчараванне наконт рашэнняў Вярхоўнага суда пакінуць без зменаў прысуды аб смяротным пакаранні  Андрэю Жуку і Васілю Юзэпчуку.

Згаданыя прысуды сведчаць пра неабходнасць як мага хутчэй увесці мараторый на выкананне смяротных пакаранняў. Відавочна, што пакуль заканадаўства Беларусі прадугледжвае такую меру, яна можа быць выкарыстана судамі. Аднак выкарыстанне той ці іншай меры пакарання з’яўляецца не абавязкам, а правам судоў. Таму суддзі, у сваю чаргу, могуць у адпаведнасці з прынцыпам гуманнасці і мэтамі крымінальнай адказнасці прымяняць і іншыя віды пакарання, што прадугледжаны беларускім крымінальным заканадаўствам.

БХД заклікае вышэйшае чыноўніцтва Беларусі, адказнае за прынясенне пратэсту ў парадку нагляду, скарыстаць сваё права і паспрыяць адмене пастановаў суда аб прымяненні смяротных пакаранняў.

Сябры БХК спадзяюцца, што згаданыя смяротныя прысуды не будуць прыведзеныя ў выкананне, і заклікаюць Генеральнага пракурора Рыгора Васілевіча і Старшыню Вярхоўнага Суда Валянціна Сукалу не дапусціць прымянення смяротнага пакарання – прынесці пратэст на гэтыя судовыя пастановы.

***
25-гадовы жыхар Салігорска Андрэй Жук быў прысуджаны да смяротнай кары 23 ліпеня судом Мінскай вобласці за забойства двух супрацоўнікаў СПК “Бальшавік-Агра”, якія перавозілі грошы для выплаты заробку работнікам сельгаспрадпрыемства, у лютым гэтага года.

Артыкулы па тэме

“Міжнародная Амністыя” – Лукашэнку: не забі!
Умова ПАРЕ: гарантаваць кожнаму беларусу права на жыццё