У семінары прымалі ўдзел беларускія праваабаронцы, якія навучаюцца ў рамках праграмы, незалежныя эксперты-кансультанты ў галіне правоў чалавека, юрысты, а таксама студэнты Еўрапейскага гуманітарнага універсітэту (ЕГУ). На семінары разглядаўся цэлы шэраг пытанняў, галоўным чынам, прысвечаных артыкулам 19 і 21 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, якія рэгламентуюць права на свабоду выказванняў і права на мірныя сходы. Важнасць і надзённасць пытанняў такога кшталту тлумачыцца іх важнасцю для належнага функцыянавання дэмакратычнага грамадаства, а таксама вялікай колькасцю парушэнняў вышэйпаказаных правоў на Беларусі.
У пачатку мерапрыемства да ўдзельнікаў звярнуўся амбасадар Чэхіі ў Літоўскай Рэспубліцы Алоіс Бухта.
На першым этапе семінару праваабаронцамі разглядаліся спосабы і формы падачы скаргаў у Камітэт па правах чалавека ААН, галоўным чынам, на падставе прэзентацый і абмеркаванняў дамашніх заданняў, якія ўяулялі сабой навучальныя звароты ў Камітэт па правах чалавека ААН, што, безумоўна, з’яўляецца неад’емнай і жыццёва неабходнай часткай практыкі кожнага праваабаронцы. З дапамогай сваіх уласных прыкладаў і каментароў экспертаў удзельнікі змаглі прааналізаваць правільнасць складання скаргаў такога кшталту і асноўныя этапы камунікацыі Камітэта з заяўнікам. Значнасць такой практыкі вельмі вялікая, таму што, звяртаючыся па прававую абарону ў судовыя інстанцыі на нацыянальным узроўні, шматлікія юрысты і праваабаронцы не валодаюць дастатковымі ведамі аб магчымасці абароны правоў чалавека на міжнародным узроўні у выпадку скарыстання ўсіх сродкаў нацыянальнай абароны. Бо правільна складзеная скарга, пададзеная у адпаведны час, ужо з’яўляецца гарантыяй яе далейшага разгляду і прыняцця рашэння.
Акрамя таго, на семінары разглядалася пытанне аб структуры і функцыянаванні Рады Еўропы і Еўрапейскага Суда па правах чалавека ў якасці эфектыўнага метада абароны правоў чалавека, якое інфарматыўна і цікава выкладаў эксперт Інстытута маніторынгу правоў чалавека ў Літве Генрых Міцкявічус.
Нельга не ўзгадаць пра яшчэ адно значнае пытанне ў галіне права, якое было разгледжанае падчас семінару, – прынцып абмежавання права, што ўзнікае пры строга акрэсленых умовах, якія дакладна павінен ведаць кожны праваабаронца. Перш за ўсе, абмежаванні такога кшталту звязаныя з іх неабходнасцю ў дэмакратычным грамадстве, правамернасцю і супамернасцю. Аб гэтым часта забывае беларуская дзяржава, у выніку чаго адбываюцца шматлікія парушэнні правоў чалавека.
На другі дзень семінару былі закранутыя такія тэмы, як міжнародныя нормы па абароне права на свабоду выказванняў, а таксама практычныя сітуацыя з парушэннямі дадзенага права і яго абарона ў рамках Камітэта ААН па правах чалавека і Еўрапейскага Суда па правах чалавека. Цікава і інтэнсіўна, з гарачымі дыскусіямі і дэбатамі, праходзілі практычныя заняткі ў групах, падчас якіх удзельнікам семінару прапаноўвалася разабраць канкрэтную сітуацыю і вырашыць, ці мела месца быць парушэнне права на свабоду выказванняў.
Далей тэма аб парушэнні права на свабоду выказванняў плаўна перацякала ў аналіз сітуацыі дэ-юрэ і дэ-факта са свабодай выказванняў на Беларусі і правядзенне агляду у рашэнняў Камітэта ААН па правах чалавека адносна гэтага пытання.
Трэці дзень семінару быў распачаты выступленнем эксперта і кансультанта Хельсінскага Фонду па правах чалавека ў Польшчы Славаміра Цыбульскага, які расказаў аб стратэгічнай судовай цяжбе і спосабах яе вядзення. Пасля ўдзельнікам семінару было прапанавана падрыхтаваць такую судовую цяжбу, у якой змяшчаліся б усе крокі, якія робяцца праваабаронцамі з мэтай дасягнення змянення існуючага заканадаўства ў галіне правоў чалавека.
Найбольшае непаразуменне сярод удзельнікаў узнікла пры вырашэнні пытання аб тым, да чаго трэба весці справу падчас стратэгічнай цяжбы? Некаторыя ўдзельнікі, упэўненыя ў тым, што ў беларускіх судах дамагчыся справядлівага рашэння немагчыма, сцвярджалі аб неабходнасці свядомага пройгрышу справы ў нацыянальным судзе і далейшым прыцягненні да яе ўвагі грамадскасці. Тым не менш, як было паказана пазней, выкарыстанне такой тактыкі не заўсёды з’яўляецца правільным. Бо калі ўжо ёсць прыклады адмены нацыянальным судом рашэння мясцовага органу, якое парушала правы чалавека, то чаму б не спаслацца на яго пры вядзенні аналагічнай справы і не распаўсюджваць яго сярод насельніцтва? Менавіта так, шляхам стварэння прэцэдэнтаў і прыцягнення ўвагі грамадскасці да іх, магчыма дасягнуць змянення агульнадзяржаўнай практыкі у дадзеным пытанні.
Падсумоўваючы: калі мы ішлі на семінар, то чакалі ўбачыць там, як гэта заўжды бывае на мерапрыемствах такога кшталту, групу прававедаў-юрыстаў, якія будуць разважаць аб законе, праве і правах чалавека. Між тым, мы былі здзіўленыя, убачыўшы, што больш за палову ўдзельнікаў зусім не з’яўляюцца юрыстамі. Яны – прадстаўнікі самых розных прафесіяў: ад урачоў да журналістаў. І аб’ядноўвае іх адно – усе яны займаюцца абаронай правоў чалавека. У галіне міжнароднага права важнасць працы такіх людзей і іх праваабарончы статус зацверджаны ў Рэзалюцыіі Генеральнай Асамблеі ААН 53/144, якая дэкляруе права і абавязак асобаў, групаў і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя права чалавека і асноўныя свабоды.
На наш погляд, правядзенне семінараў такога кшталту, накіраваных на навучэнне розных людзей асновам абароны правоў чалавека, з’яўляецца вельмі эфектыўным. Бо менавіта так уяўляецца магчымым павышэнне агульнай правасвядомасці і прававой культуры насельніцтва, што з’яўляецца простай перадумовай для ўкаранення “ідэалогіі “ правоў чалавека ў беларускім грамадстве.
Студэнткі 4 курсу праграмы “Міжнароднае права” ЕГУ
Алена Каралёва і Вольга Раманенка