Незалежнае следства
16 кастрычніка ў Стакгольме, сталіцы краіны, якая зараз старшынюе ў Еўразвязе, адбылася прэзентацыя дакладу "За вольныя і справядлівыя медыя ў Беларусі".
Дадзены даклад распрацаваны працоўнай групай Міжнароднай асацыяцый журналістаў і праваабарончых арганізацыяў пасля візіту іхніх прадстаўнікоў у Беларусь 20-24 верасня.
У дакладзе пералічаныя ўсе сустрэчы, якія адбыліся ва ўдзельнікаў місіі 20–24 верасня, аператыўная заява місіі па выніках візіту, публікацыі пра візіт у беларускіх СМІ і г.д.
Прэзентавалі даклад еўрапейскі судырэктар МФЖ Марк Грубер, праграмная каардынатарка арганізацыі «International Media Support» Джэйн Мёлер Ларсэн, а таксама актывістка арганізацыі «Civil Rights Defenders» (былога Шведскага Хельсінкскага камітэта) Яханна Кураш, якая не змагла прыехаць у складзе місіі ў Мінск праз адмову ў беларускай візе.
Па словах сп. Кураш, цягам дня даклад быў прэзентаваны тройчы: перад шведскай прэсай, перад чыноўнікамі Міністэрства замежных спраў і перад дэпутатамі шведскага парламента.
"Рэакцыя на даклад была зацікаўленая. Але, з іншага боку, ніхто асабліва не здзіўляўся тым фактам, якія ўтрымліваюцца ў справаздачы. У Міністэрстве замежных спраў сітуацыю ў Беларусі ведаюць даволі добра, і для іх гэта не навіна. Але мы спадзяемся, што яны будуць мець на ўвазе гэты даклад, прымаючы палітычныя рашэнні", — дадала спн. Кураш.
На яе думку, "тое, што адбылося ў галіне СМІ ў Беларусі за апошні год, нельга лічыць сапраўдным прагрэсам. Змяненні вельмі нязначныя і няўстойлівыя — іх нельга назваць незваротнымі".
Афіцыёзныя рэформы медыясферы
Група вітае апошнія змены ў сферы СМІ ў Беларусі, аднак выклікаюць хваляванні апошнія рэпрэсіі ў дачыненні да журналістаў, у сувязі з чым удзельнікі місіі перакананыя, што гэтыя змены павінны стаць трывалыя, каб забяспечыць правы журналістаў і распачаць рэформы медыясферы, якія даўно наспелі. Гэткія змены мусяць быць доўгатэрміновыя і незваротныя.
"У цяперашняй сітуацыі ні беларускія журналісты, ні выданні не могуць паўнавартасна працаваць, збіраць і распаўсюджваць інфармацыю пра падзеі ў Беларусі", — цытуе сайт Міжнароднай федэрацыі журналістаў словы Марка Грубера, які ўзначальваў міжнародную місію. „Падмалёўка фасаду“ ў выглядзе абмежаваных і сімвалічных рэформаў у апошнія месяцы не можа схаваць таго факту, што ў Беларусі працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да СМІ", — лічыць ён.
"Місія падрыхтавала гэты даклад, каб пацвердзіць, што свабода медыяў і журналісцкія правы застаюцца прыярытэтным пытаннем на парадку дня ў працягу дыялогу па правах чалавека паміж Еўразвязам і Беларуссю", — гаворыцца ва ўводзінах да дакладу на сайце МФЖ.
Аздараўленне СМІ ў Беларусі
Справаздача ўтрымлівае рэкамендацыі, распрацаваныя працоўнай групай Міжнароднай асацыяцыі журналістаў, якія скіраваныя на паляпшэнне сітуацыі са СМІ ў Беларусі як для дзяржаўных, гэтаксама і для недзяржаўных медыяў, а таксама на павышэнне прафесіяналізму і ролі СМІ ў дэмакратычным грамадстве.
1. Рэдакцыйная незалежнасць дзяржаўных і недзяржаўных СМІ павінна паважацца, а самі яны не мусяць цярпець пераслед за сваю прафесійную дзейнасць;
2. Недзяржаўныя СМІ мусяць мець права і магчымасць дзейнічаць і развівацца ў роўных эканамічных умовах, у тым ліку мець права распаўсюджвацца без усялякіх абмежаванняў і дыскрымінацыі;
3. Правілы і ўмовы акрэдытацыі журналістаў павінны быць зацверджаныя. Яны мусяць быць празрыстыя, зразумела выкладзеныя і справядлівыя, а таксама скіраваныя на доступ усіх журналістаў да грамадска важнай інфармацыі;
4. Журналістам не павінны перашкаджаць рабіць рэпартажы з грамадска важных падзеяў і дэманстрацый;
5. Выдаткаванне частот і ліцэнзій на тэле- і радыёвяшчанне павінна быць вызначанае заканадаўствам у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, а за самой працэдурай мусіць наглядаць цалкам незалежны рэгулюючы орган, каб забяспечыць плюралізм ў галіне электронных СМІ;
6. Закон «Аб СМІ», Закон «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» і артыкулы Крымінальнага кодэкса, якія тычацца паклёпу, павінны быць прыведзеныя ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды прэсы і свабоды выказванняў;
7. Улады павінны забяспечыць роўнае стаўленне да арганізацый, якія прадстаўляюць журналістаў;
8. СМІ, улады і грамадзянская супольнасць павінны працягваць дыялог наконт паляпшэння палітыкі і практыкі ў галіне СМІ, а таксама правесці поўнае і незалежнае расследаванне абставінаў знікнення аператара Дзмітрыя Завадскага і забойства журналісткі Веранікі Чаркасавай.
Да падрыхтоўкі даклада спрычыніліся такія арганізацыі, як «Article 19», «Civil Rights Defenders» («Абаронцы грамадзянскіх правоў», былы Шведскі Хельсінкскі камітэт), Данійскі Саюз журналістаў, «Index on Censorship» («Індэкс цэнзуры»), Міжнародная і Еўрапейская федэрацыі журналістаў, Міжнародная асацыяцыя выдаўцоў, Міжнародны ПЕН-цэнтр, Міжнародны інстытут прэсы, Інстытут «Адкрытае грамадства», «PressNow», «Рэпарцёры без межаў», «Сусветная асацыяцыя газет», «International Media Support (IMS)» («Міжнародная падтрымка медыяў»).