Увечары 3 верасня ў Віцебску былі вывешаныя тры бел-чырвона-белыя сцягі, адзін з якіх – каля мясцовага медыцынскага універсітэта. Побач з універсітэтам, на прыпынку грамадскага транспарту, супрацоўнікі міліцыі затрымалі апазіцыйнага актывіста Алега Сургана і абвінавацілі яго ў вывешванні сцягоў.

Пра падзеі, якія адбыліся ў Віцебску 3 верасня, у інтэрв’ю Charter97 распавядае брат Алега Сургана Тарас.

«Я сядзеў з братам на прыпынку, насупраць якога быў вывешаны бел-чырвона-белы сцяг. Пад’ехалі супрацоўнікі міліцыі, сцяг знялі. Пасля машына павярнулася і пад’ехала да нас. Супрацоўнікі міліцыі пачалі цікавіцца, ці не бачылі мы, хто вывешваў сцяг, пасля папрасілі паказаць дакументы. У мяне пры сабе быў пашпарт, а ў брата – не было”.

Тарас Сурган узгадвае, што, звязаўшыся з начальствам, супрацоўнік міліцыі вырашыў затрымаць яго брата Алега. Той ехаць адмаўляўся, клаўся на зямлю, але яго “схапілі, апранулі кайданкі і запіхнулі ў машыну”. Тарас паехаў услед за міліцыянтамі і братам у пастарунак.

“Я прыехаў у РУУС праз 20 хвілін. У Алега была разбітая галава, ён сядзеў увесь у крыві. Я выклікаў “хуткую”. Але яна дзве гадзіны не магла прыехаць, – заяўляе Тарас Сурган. – У “хуткай” папрасілі перадаць слухаўку дзяжурнаму, каб той пацвердзіў выклік. А дзяжурны да слухаўкі не падыходзіў. У брата астма, я спрабаваў перадаць яму інгалятар, але супрацоўнікі РУУС не далі гэтага зрабіць”.

***

Нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг (злева) рэгулярна нелегальна вывешваюць актывісты дэмакратычных сілаў Беларусі ў грамадскіх месцах розных гарадоў краіны. На іх думку, гэты сцяг з’яўляецца сапраўдным гістарычным сцягам Беларусі, хаця дзяржаўным ён быў, не лічачы Сярэднявечча, толькі ў кароткі перыяд пасля набыцця незалежнасці ў 1990 г.

Пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі у 1995 г. быў праведзены рэферэндум, на якім афіцыйна замацаваная дзяржаўная сімволіка, амаль што ідэнтычная сімвалам Савецкай Беларусі, у тым ліку – чырвона-зялёны дзяржаўны сцяг (справа).

Бел-чырвона-белы сцяг з таго часу стаў сімвалам змагароў за дэмакратычныя змены ў Беларусі. Хаця ніякім прававым актам яго выкарыстанне не забароненае, любы, хто дэманструе “недзяржаўную сімволіку”, рызыкуе прыцягнуць увагу міліцыі.

***

Алега Сургана прывезлі ў абласны віцебскі шпіталь прыблізна а 22:00. Медыкі знялі пабоі. Зафіксавалі ўшыбы галавы і рук. Праз гадзіну актывіста даставілі назад у пастарунак, у якім пратрымалі да раніцы.

Па словах Алега Сургана, перашпачаткова складзены пратакол аб вывешванні бел-чырвона-белага сцяга проста знік. Затое з’явіліся новыя пратаколы – нібы ён знаходзіўся ў грамадскім месцы ў нецвярозым выглядзе і “нецэнзурна лаяўся”, а таксама абражаў супрацоўнікаў міліцыі.

Сайт www.charter97.org звязаўся з Алегам Сурганам, калі яго даставілі ў суд Кастрычніцкага раёна Віцебску. Актывіст апазіцыі распавёў пра тое, як яго катавалі супрацоўнікі міліцыі.

“На мяне апранулі кайданкі і закінулі ў машыну, – узгадвае падзеі вечара 3 верасня Алег Сурган. – Я ляжаў на падлозе, а супрацоўнікі міліцыі білі мяне нагамі. У райаддзеле міліцыі закінулі рукі за спіну і падвесілі на кайданках за пас да кратаў. Я стаяў на дыбачках, рукі зацяклі. Пасля білі галавой аб унітаз, абражалі, заціскалі галаву нагамі, прыгалі нагамі ў мяне на галаве. Мяне збівалі чатыры чалавекі. Яны глядзелі, як я задыхаюся, і смяяліся».

4 верасня суд над актывістам апазіцыі не адбыўся. Алег Сурган выступіў з хадайніцтвам аб прадстаўленні адваката, прыцягнення дадатковых сведак. Таксама Сурган папрасіў узбудзіць крымінальную справу супраць супрацоўнікаў міліцыі, якія катавалі яго.

Суддзя Кастрычніцкага раёна Віцебску Казімава перанесла слуханне на 9 верасня. Судовае паседжанне пачнецца ў 15:00.