У якасці станоўчага ў працэсе прымянення закона “Аб СМІ” на практыцы А.Бастунец прыгадаў наступнае: спрошчаны парадак рэгістрацыі, заяўны характар перарэгістрацыі, прыпыненне працы над урадавай пастановай аб рэгуляванні Інтэрнет-рэсурсаў, а таксама стрыманасць Міністэрства інфармацыі ў карыстанні “рэпрэсіўнымі паўнамоцтвамі, якія закладзеныя ў гэтым законе”.
Аднак, нягледзячы на пэўныя зрухі, падыход да рэгістрацыі СМІ на сённяшні дзень назваць дэмакратычным пакуль што нельга. Як адзначае А.Бастунец, па-першае, у краінах з дэмакратычным рэжымам друкаваныя СМІ не павінны рэгістравацца, а па-другое, рэгістрацыя СМІ ў Беларусі займае значны тэрмін – каля месяца. Дзейнасць жа незарэгістраваных СМІ пасля пачатку дзеяння новага закона ўскладнілася.
Існуюць факты папярэджанняў, вынесеных пракуратурай да рэдакцыяў маланакладных рэгіянальных выданняў за дзейнасць без стварэння юрыдычнай асобы, нягледзячы на палажэнні закона "Аб СМІ" пра тое, што патрабаваць стварэння юрыдычнай асобы неабходна толькі ад заснавальніка, які звяртаецца па рэгістрацыю свайго СМІ.
Засталася складаная сітуацыя з акрэдытацыяй журналістаў, асабліва тых, што супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ. Апошнім за паўгода знаходжання закона ў сіле органамі пракуратуры было вынесена не менш як 10 папярэджанняў. Між тым падрыхтоўка матэрыялаў для замежных СМІ не забароненая нацыянальным заканадаўствам, а палажэнні Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах гарантуюць гэтае права.
Значна пагоршылася заканадаўства аб дзяржаўнай службе пасля ўнясення паправак, што даюць магчымасць чыноўніку выступаць у СМІ толькі з дазволу кіраўніцтва. Акрамя таго, чыноўнікі, да якіх звяртаюцца прадстаўнікі СМІ, усё часцей накіроўваюць іх да штатных ідэолагаў.
Не вырашаная і праблема доступу недзяржаўных выданняў да дзяржаўнай сеткі распаўсюду.
Таксама трэба адзначыць жорсткасць мер адказнасці, прадугледжаных новым законам для журналістаў і СМІ, згодна з якімі адно парушэнне альбо два любыя папярэджанні на працягу года могуць прывесці да закрыцця выдання.
Эксперт адзначыў, што ў Беларусі правапрымяненне “дамінуе над уласна правам”. Падобнае меркаванне мае і галоўны рэдактар газеты “Таварыш” Сяргей Вазняк: “…у нас мае значэнне не закон, а правапрымяняльная практыка <…>. Гэтыя паўгода паказалі, што дзейнічае не закон, а воля чыноўнікаў”.
Як вынік аналізу сітуацыі са СМІ ў Беларусі і практыкі прымянення новага закона “Аб СМІ”, можна прывесці словы А. Бастунца пра тое, што ўлада па-ранейшаму імкнецца захаваць кантроль над інфармацыйнай прасторай і прапанаваць грамадству толькі “адфільтраваную” інфармацыю.