14 ліпеня гэтага года пракуратурай Менскай вобласці было вынесенае папярэджанне грамадзянам Беларусі, сябрам ГА “БАЖ” Аксане і Аляксандру Калінкіным у сувязі з тым, што яны супрацоўнічалі з расейскім "Телеканалом благих новостей" (ТБН). Аб гэтым паведаміла прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. У папярэджанні, падпісаным пракурорам Менскай вобласці Аляксандрам Архіпавым, гаворыцца: “З 2007 года ў г. Мінску і Мінскай вобласці без акрэдытацыі ў Міністэрстве замежных спраў РБ ажыццяўляюць незаконную журналісцкую дзейнасць журналісты расійскага мас-медыя "Телеканал благих новостей". Для незаконнай журналісцкай дзейнасці выкарыстоўваецца рэдакцыйна-прадзюсэрская ўстанова „ТРК Ангел-ТВ“…, не ўключаная ў Дзяржаўны рэестр сродкаў масавай інфармацыі”.

На думку Архіпава, згаданыя журналісты парушаюць ч. 4 арт.35 Закона РБ „Аб СМІ“, што забараняе ажыццяўленне прафесійнай дзейнасці журналістаў замежных СМІ на тэрыторыі РБ без акрэдытацыі.

Аднак паводле меркавання намесніка старшыні ГА “БАЖ”, юрыста Андрэя Бастунца, дзеля такой санкцыі ў дачыненні да Калінкіных няма ніякіх падстаў. А. Бастунец растлумачыў, што згодна з арт. 1 таго ж Закона РБ “Аб СМІ”, журналісты замежных СМІ – “гэта асобы, якія знаходзяцца ў працоўных стасунках, лічацца ў штаце замежнага СМІ”. А падрыхтоўка аудыё-, відэаматэрыялаў, а таксама артыкулаў для замежных СМІ заканадаўствам не забароненая. Акрамя таго, такое права гарантаванае палажэннямі Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, падпісаным і беларускай дзяржавай.

Як інфармуе ГА “БАЖ”, журналісты Аксана і Аляксандр Калінкіны маюць намер абскардзіць вынесеныя папярэджанні.

***

Папярэджанне за  незаконныя заняткі з моладдзю атрымаў ад пракуратуры за арганізацыю  “Школы маладога журналіста” ў Слоніме і сябра ГА “БАЖ” Алесь Масюк.

Нагадаем, што пракурорская праверка дзейнасці “Школы маладога журналіста” была распачатая ў красавіку 2009 года пасля наведвання заняткаў супрацоўнікам аддзелу выхаваўчай і сацыяльнай работы ўпраўлення адукацыі г. Слоніма Максімам Маславым, які паведаміў, што прычына праверкі – актыўнае распаўсюджванне нелегальнай літаратуры ў Слоніме.

Па інфармацыі “БАЖ”, у Слонімскай раённай пракуратуры мяркуюць, што парушэнні, дапушчаныя А. Масюком, заключаюцца ў правядзенні заняткаў з дзецьмі, па-першае, без рэгістрацыі, а значыць, незаконна, а па-другое, у памяшканні, што “не адпавядае патрабаванням санітарнай і пажарнай бяспекі”.

У каментарыі да прад’яўленага папярэджання А. Масюк адзначае:

“Адзінае маё парушэнне — гэта тое, што я праводзіў заняткі на кватэры. Але я некалькі разоў звяртаўся ў выканкам з просьбай даць памяшканне для школкі, ніхто нічога не даваў”.

Ён таксама дадаў, што абскарджваць папярэджанне не збіраецца, паколькі  сэнсу у гэтым не бачыць. Заняткі ў слонімскай “Школе маладога журналіста” хутчэй за ўсё будуць працягнутыя.

***

Папярэджанне пракурора Клецкага раёна, зробленае напачатку чэрвеня сябру партыі БНФ, заснавальніку і рэдактару выдання “Бойкі Клецк” Сяргею Панамарову, было падтрыманае пракурорам Менскай вобласці  Аляксандрам Архіпавым. Аб гэтым інфармуе сайт ПЦ “Вясна”. Дакумент забараняе Панамарову выдаваць бюлетэнь “Бойкі Клецк” без рэгістрацыі.

А. Архіпаў зрабіў папраўку толькі ў адносінах да таго, што рэгістрацыя патрэбная не для самаго выдання, а для рэдакцыі. Абласны пракурор спасылаўся на палажэнні Закона РБ “Аб СМІ”, згодна з якімі функцыю рэдакцыі мае права выконваць толькі юрыдычная асоба.

Між тым, правабаронца і юрыст Раман Кісляк сцвярджае, што абмежаванне, якое ўтрымліваецца ў прыведзеных А. Архіпавым нормах, можа ўжывацца толькі з мэтай аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя, маральнасці грамадзян альбо правоў і свабодаў іншых. Аднак пракурор Менскай вобласці прычыну прымененага абмежавання не растлумачыў.  

***

Акрамя вынесеных беларускім журналістам папярэджанняў, маюць месца факты адмовы недзяржаўным выданням у прадастаўленні інфармацыі.

Як паведамляе прэс-служба ГА “БАЖ”, 14 ліпеня начальнік Загараднага аддзелу міліцыі Барысаўскага РУУС Сяргей Гара, нягледзячы на ініцыяваную міліцыянерамі папярэднюю дамоўленасць, адмовіўся прадаставіць інфармацыю карэспандэнту недзяржаўнай газеты “Борисовские новости” Алесю Мікалайчанку. Адмова растлумачвалася тым, што ідэолагі не  далі санкцыі на прадастаўленне інфармацыі названай недзяржаўнай газеце. Дарэчы, інфармацыя, аб якой ішла размова, павінна была ўтрымліваць зварот прадстаўнікоў праваахоўных органаў да ўладальнікаў прыватных дамоў аб узмацненні апошнімі аховы сваёй маёмасці ў летні перыяд.

Акрамя таго, рэдакцыя «БН» атрымала ліст ад  галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Мінаблвыканкама з адмовай у акрэдытацыі журналістаў выдання.