Вярнуць нелегітымна абранаму парламенту Беларусі статус адмыслова запрошанага прапанаваў спецдакладчык ПАРЕ па сітуацыі ў Беларусі Андрэа Рыгоні.
Аднак з прапановы віцэ-прэзідэнта камітэту ПАРЕ па юрыдычных пытаннях і правах чалавека Хрыстаса Пургурыдэса было вырашана зноў надаць беларускаму парламенту гасцявы статус толькі пасля таго, як у краіне будзе ўведзены мараторый на смяротную кару.
Беларусь з’яўляецца апошняй краінай кантыненту (акрамя Ватыкану), якая не ўваходзіць ў РЕ і ў якой па-ранейшаму практыкуецца смяротная кара.
"Тут размова ідзе не аб поўнай адмене, а аб гарантыі таго, што гэтых пакаранняў не будзе. Беларускія ўлады, калі прымуць такое рашэнне, пакажуць, што гатовыя да працягу дыялогу," – казаў Радыё “Свабода” прэзідэнт Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Луіс Марыя дэ Пуіг.
Паводле прадстаўніка праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянціна Стэфановіча, праваабаронцы падтрымліваюць прапанову аб скасаванні смяротнага пакарання ў Беларусі: “Лічым, што ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне было б адпаведным крокам для таго, каб парламенту Беларусі аднавіць такі статус”.
Беларускі бок не супраць выканаць патрабаванне. Аб гэтым сведчаць словы старшыні камісіі па заканадаўству і судзебна-прававых пытаннях Палаты Прадстаўнікоў Мікалая Самасейкі пра тое, што Беларусь абсалютна падрыхтаваная да таго, каб прыняць мараторый на смяротнае пакаранне ўжо ўвосень.
Рэзалюцыя ПАРЕ ўтрымлівае яшчэ адну ўмову аднаўлення статусу беларускага парламента як адмыслова запрошанага. Гаворка ідзе пра абавязковую прысутнасць прадстаўнікоў апазіцыі ў беларускай дэлегацыі.
„Мы адмыслова казалі аб прадстаўніках непарламенцкай апазіцыі. У парламенце ў вашай краіне апазыцыі не існуе. Але ў нас ёсць вельмі шырокая інфармацыя пра людзей у Беларусі, якія маглі б прадстаўляць апазіцыю ў ПАРЕ. І не мае значэння, хто будзе прадстаўляць апазіцыю. Але нам важна чуць шмат розных думак аб сытуацыі ў Беларусі“ ,– казаў Луіс Марыя дэ Пуіг.
Канчатковае рашэнне аб вяртанні парламенту Беларусі статусу адмыслова запрошанага будзе прымацца 7 верасня Бюро ПАРЕ ў ходзе пасяджэння з улікам выканання беларускай дзяржавай прапанаваных умоў.
У красавіку 2004 года Асамблеяй ПАРЕ былі прынятыя дзве рэзалюцыі ў дачыненні да Беларусі: аб зніклых палітычных дзеячах апазіцыі і аб парушэннях свабоды СМI. Камітэту міністраў Рады Еўропы прапанавалася патрабаваць ад уладаў Беларусі правядзення незалежнага даследавання знікненняў палітыкаў, а да гэтага часу спынення ўдзелу краіны ў пагадненнях з Радай Еўропы.