“Дыстанцыйнае навучанне – вельмі эфектыўнае, напрыклад, з тымі, хто не можа пакінуць месца працы або сваю краіну, каб кудысьці ехаць”, – сцвярждае кіраўнічка праекту Людміла Ульяшына (на фота злева) з Фундацыі Дамоў правоў чалавека.
Паводле яе, “існуе вялізная колькасць матэрыялаў, дасягальных у інтэрнеце, і экспертаў, якія могуць дзяліцца ведамі, не выязджаючы з працоўнага месца”.
Адвакаты змогуць набыць каштоўныя веды па выкарыстанні міжнародных стандартаў у галіне абароны правоў чалавека ў штодзённай адвакацкай працы. Паводле Л.Ульяшынай, такі падыход дасць магчымасць, “баронячы канкрэтнага чалавека, падняць і праблему для ўсяго грамадства, што ўрэшце можа прывесці да змянення практыкі прымянення права і заканадаўства”.
Курс змогуць прайсці адвакаты з Азербайджану, Беларусі, Расеі і Таджыкістану. Гэтыя чатыры дзяржавы былі адабраныя да ўдзелу праектным камітэтам падчас працоўнай сустрэчы ў Беларускім Доме правоў чалавека ў Вільні 17 чэрвеня.
У рамах праекту будзе выкарыстоўвацца онлайн-тэхналогія дыстанцыйнага навучання, што ўжо пяць гадоў паспяхова функцыянуе ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце. Інтэрнет-пляцоўкай, якую ўжо засвоілі "завочнікі" і "дыстанцыйнікі" беларускага ўніверсітэту ў выгнанні, цяпер змогуць карыстацца і адвакаты.
Прыстасаваць навучальную праграму да спецыфікі кожнай канкрэтнай краіны дапаможа рэгіянальны каардынатар і нацыянальны эксперт.
Паводле каардынатаркі Антаніны Маслыкі, у Беларусі асноўны акцэнт будзе рабіцца на абарону свабоды слова, аб’яднанняў і права на справядлівы суд.
“Хочам стварыць тандэм прафесіяналізму і жадання дапамагчы простым людзям у адстойванні іх правоў, – гаворыць А.Маслыка, на ўвазе маючы прыцягненне да праекту і прафесійных адвакатаў, і праваабаронцаў, – каб у рэчаіснасць ператварыць стандарты па абароне правоў чалавека пачынаючы з раённых судоў – каб простыя грамадзяне мелі магчымасць атрымліваць абарону, на якую яны маюць права, але чамусьці наша дзяржава штучным чынам гэтае права абмяжоўвае”.
Праз абарону свабоды слова і прасоўванне самога панятку правоў чалавека беларускія каардынатары праекту спадзяюцца данесці разуменне важнасці міжнароднага права для абароны штодзённых правоў да шырокіх колаў насельніцтва, не толькі да палітычна актыўнай яго часткі.
А.Маслыка спадзяецца, што з цягам часу ўсё больш адвакатаў зразумеюць важнасць выкарыстання міжнародных стандартаў абароны правоў чалавека “не толькі для грамадства, але і для асабістага прафесійнага росту”.