Прызнанаму міжнароднай супольнасцю праваабаронцу інкрымінуецца парушэнне арт. 130 КК РБ (распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці). Яшчэ адно абвінавачванне па арт. 367 КК РБ (паклёп у дачыненні да прэзідэнта Беларусі) было знятае пракуратурай у час следства. Леанід Свецік сваёй віны не прызнае і лічыць справу помстай за яго актыўную дзейнасць.

Больш за 30 праваабарончых арганізацыяў з розных краін, якія ўваходзяць у сетку Дамоў правоў чалавека, падпісаліся пад лістом у падтрымку свайго беларускага калегі. З заклікамі да правядзення празрыстага і бесстаронняга расследавання і справядлівага судовага працэсу ці да неадкладнага вызвалення Леаніда Свеціка да беларускіх уладаў звярнуліся і гэткія ўплывовыя праваабарончыя арганізацыя, як Нарвежскі Хельсінскі камітэт, Front LineПраваабарончы цэнтр "Вясна".

 

***

 

Са звароту Леаніда Свеціка да беларускіх праваабаронцаў, удзельнікаў трэнінгу ў межах праграмы "Міжнароднае права ў праваабарончай дзейнасці" (3-9 траўня 2009 г., Украіна) (пераклад з расейскай – В.Р.)

Паважаныя калегі!

Сёння беларуская грамадзянская супольнасць знаходзіцца ў складаным пошуку новых узаемаадносінаў паміж людзьмі ў грамадстве, у тым ліку і ўзаемадзеяння з дзяржавай. Дзяржава для беларусаў была і застаецца чужым, аддаленым, магутным і карным інструментам, для якога асобны чалавек, яго правы і свабоды, а часам і жыццё нічога не азначаюць.

Правы чалавека, як панятак, знаходзяцца ў працэсе станаўлення і развіцця. Аднак ёсць значная колькасць мужных мужчынаў і жанчын, якія прызнаюць, што правы чалавека з’яўляюцца для іх абсалютнай каштоўнасцю. І дзеля гэтай каштоўнасці яны гатовыя працягваць неадступнае змаганне, а таксама на значныя асабістыя страты і ахвяры.

Рэй у гэтым змаганні вядуць грамадскія актывісты, філантропы, правазнаўцы, навукоўцы і журналісты – усе тыя, хто лічыць сябе праваабаронцам. […]

Праваабаронцы – гэта людзі, якія зрабілі ўласны выбар: быць заўсёды паміж уладай і чалавекам – у ролі шчыта і пасярэдніка. І пры якой заўгодна ўладзе яны будуць тут – на гэтым месцы. Парушэнні правоў чалавека будуць існаваць пры якім заўгодна палітычным рэжыме. Будуць – паводле вызначэння. Гэткая прырода ўлады.

Таму для нас, праваабаронцаў, працы заўсёды будзе шмат. Хто бы ні быў пры ўладзе. І як бы мы да іх ні ставіліся. Калі мы, вядома, праваабаронцы, і гатовыя паступова – крок за крокам, год за годам – змяняць сітуацыю і развязваць праблемы абароны Правоў Чалавека – сістэмна і паслядоўна. […]

Леанід Свецік