Старшыні Вярхоўнага суду
Сукалу В.А.
220030, Менск, вул. Леніна, 28
Паважаны сп. старшыня,
Дом правоў чалавека ў Вільні, як і іншыя Дамы (у Лондане, Бергене, Заграбе, Жэневе, Варшаве, Маскве, Осле і інш.), уважліва назірае за развіццём падзеяў, звязаных з крымінальным пераследам праваабаронцы з Віцебску Леаніда Свеціка.
Намі з задавальненнем быў прыняты той факт, што пракуратура не падтрымала абвінавачвання па адным з артыкулаў КК РБ, вылучанага Камітэтам дзяржаўнай бяспекі.
Гэтая справа, інспіраваная КДБ Беларусі, з’яўляецца відавочным пераследам Л. Свеціка за яго актыўную дзейнасць па абароне правоў і свабодаў грамадзянаў, і не мае, на нашую думку, ані маральных, ані законных абгрунтаванняў.
Выказваем спадзяванне, што судовае паседжанне па гэтай справе, праведзенае ў публічным рэжыме з датрыманнем усіх стандартаў і прынцыпаў справядлівага судовага разбірання, гэткіх як роўнасць бакоў, прэзумпцыя невінаватасці, спаборнасць у працэсе, не дазволіць зацікаўленым бакам ператварыць суд у інструмент расправы над праваабаронцам.
З павагай,
Б. Звозскаў,
Прэзідэнт Дома правоў чалавека ў Вільні
***
Леанід Свецік быў абвінавачаны адразу па 2 артыкулах КК РБ: распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці (арт. 130 КК) і паклёп у дачыненні да прэзідэнта Беларусі (арт. 367 КК). Аднак у час следства адзін з двох абвінаваўчых пунктаў (арт. 367 КК) быў зняты за адсутнасцю доказаў. Справа перададзеная ў Віцебскі абласны суд. Сваёй віны праваабаронца не прызнае і лічыць пераслед помстай за сваю актыўную дзейнасць. Міжнародная супольнасць працягвае ўважліва сачыць за лёсам Леаніда Свеціка.
Documents: