“Пасля складання пратаколу мяне адпусцілі на свабоду. Сказалі: позву пасля дашлем”, – паведамляе актывіст з Баранавічаў. Пятра Рузава абвінавацілі ў наўмысным псаванні маёмасці. Раней сёлета яго пагражалі выключыць з універсітэта за антыкарупцыйныя графіці.

Надпісы з патрабаваннем вызваліць палітвязня Мікалая Аўтуховіча прывялі да затрымання іншага моладзевага актывіста ў Асіповічах 10 траўня. Міліцыя склала пратакол аб “дробным хуліганстве” ў дачыненні Арцёма Дубскага.

Сведкай затрымання стала ўкраінская паплечніца актывіста Таццяна Касінчук. “У нас кожная другая сцяна размалявана – што ў Кіеве, што ў Роўне, дзе я жыву”, – заўважае сведка. – “У нікога ніякіх праблем з-за гэтага не бывае”.

Дворнікі звычайна зафарбоўваюць апазіцыйныя графіці на наступны дзень пасля іх з’яўлення на сценах. Беларускія ўлады прыцягнулі ўвагу сусветных СМІ змаганнем з графіці ў 1998 годзе, калі распачалі крымінальны працэс супраць шаснаццацігадовага Вадзіма Лабковіча і яго васемнаццацігадовага таварыша Аляксея Шыдлоўскага. Падлеткі напісалі на помніках Дзяржынскаму і Леніну “Дзяржынскі – кат” і “Жыве Беларусь!”