Генерал Юрый Захаранка, колішні міністр унутраных справаў, адпраўлены ў адстаўку Аляксандрам Лукашэнкам за крытыку дзеянняў ураду краіны, заснавальнік Звязу афіцэраў, сябра апазіцыйнай Аб’яднанай грамадзянскай партыі і адзін з найбольш жорсткіх апанентаў беларускіх уладаў, бясследна знік 7 траўня 1999 году. Пазней пачалі знікаць і іншыя вядомыя ў краіне людзі: палітык Віктар Ганчар, бізнэсмэн Анатоль Красоўскі, тэлеаператар Дзмітрый Завадскі. А незадоўга да гэтага – у красавіку 1999 году – пры невысьветленых цалкам абставінах загінуў яшчэ адзін папулярны беларускі палітык Генадзь Карпенка.

16-га штомесяц у Беларусі і ў замежжы адбываюцца акцыі салідарнасці са зніклымі людзьмі, а таксама з іх сем’ямі – як напамін уладам пра тое, што грамадства хоча ведаць праўду пра лёс Захаранкі, Ганчара, Красоўскага, Завадскага, Карпенкі. Аднак афіцыйнае следства, якое шмат хто ў Беларусі лічыць выключна фармальным, маўчыць. Міжнародная супольнасць лічыць, што да знікненняў і магчымых забойстваў зніклых людзей датычныя высокапастаўленыя беларускія чыноўнікі: былы міністр унутраных справаў Уладзімір Навумаў, экс-сакратар Рады Бяспекі Віктар Шэйман, былы камандзір спецназу ўнутраных войскаў Дзмітрый Паўлічэнка, экс-міністр унутраных справаў Юры Сівакоў.

 

Сёлета пракуратура Менску чарговы раз працягнула расследаванне справы аб знікненні Юрыя Захаранкі. “Тэрміны расследавання падоўжылі да 24 чэрвеня 2009 года, – паведаміў у інтэрв’ю прэс-цэнтру Хартыі’97 праваабаронца Алег Воўчак. – Гэта стандартная даведка з трох прапановаў, якая, па сутнасці, з’яўляецца чарговай адпіскай. У мяне іх набралася ўжо каля 15. Такімі апавяшчэннямі пракуратура хоча проста адсправаздачыцца перад Камісіяй па недобраахвотных знікненнях пры Радзе па правах чалавека ААН. Можна канстатаваць, што расследаванне не зрушылася з месца. Надзеяў на тое, што нешта зменіцца, у нас па-ранейшаму няма”.

 

***

7 траўня, у дзень знікнення Юрыя Захаранкі, беларускія актывісты зладзілі ў розных гарадах краіны шэраг акцыяў як напамін аб зніклым палітыку. Гэтак, у Менску на Кастрычніцкай плошчы сабраліся некалькі сотняў чалавек з партрэтамі Юрыя Захаранкі, а таксама з партрэтамі палітвязняў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзімера Асіпенкі. Мірная дэманстрацыя адразу ж была ачэпленая міліцыянтамі. Дзясяткі яе ўдзельнікаў былі арыштаваныя і збітыя супрацоўнікамі спецпадраздзяленняў міліцыі.

Напярэдадні акцыі ў Менску лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заявіў: “Справа аб знікненні генерала Захаранкі не расследуецца. Улады нічога не прадпрымаюць для таго, каб прыцягнуць да адказнасці вінаватых у выкраданні Юрыя Захаранкі, а таксама Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зміцера Завадскага. Мы лічым, што тэма палітычных знікненняў павінна заўсёды паднімацца на міжнародным узроўні. У апошні час, я лічу, некаторыя еўрапейскія палітыкі перасталі звяртаць на ўвагу на гэтую праблему, хоць раней гэты пункт быў адным з асноўных падчас перамоваў з прадстаўнікамі ўладаў. Але справа Юрыя Захаранкі і іншых зніклых – не мае тэрміну даўніны і не залежыць ад палітычнай кан’юнктуры”.

Пасля акцыі Анатоль Лябедзька быў затрыманы разам з дзясяткамі іншых дэмакратычных актывістаў і збіты супрацоўнікамі спецпадраздзялення міліцыі.