23-яя гадавіна аварыі на Чарнобыльскай АЭС у Менску традыцыйна адзначаная шэсцем пад назовам “Чарнобыльскі шлях”. У акцыі ўдзел узялі 400-1000 чалавек. Акцыя прайшла мірна.
Аднак у рэгіёнах антыядзерныя пратэсты сарвала міліцыя.
Памяць пра Чарнобыль – непажаданая
У Віцебску былі затрыманыя грамадскія актывісты, якія нават не паспелі распачаць планаваныя акцыі. На месцы збору іх чакалі міліцыянты.
Супрацоўнікі міліцыі праверылі ў прысутных дакументы і загадалі паказаць асабістыя рэчы. У торбах актывістаў яны ўбачылі майкі з антыядзернай сімволікай – іх маладыя людзі меркавалі надзець, перш чым ісці па горадзе.
Аляксея Пялевіча, Алеся Галаваня, Кастуся Іванова, Ірыну Пятову і Валерыя Раманенку міліцыянты затрымалі і завезлі ў Першамайскі райаддзел міліцыі. Актывістам патлумачылі, што хочуць праверыць, ці не маюць яны дачынення да шэрагу злачынстваў, учыненых у горадзе апошнім часам.
У апорны пункт міліцыі забралі яшчэ двух апазіцыйных актывістаў – Сяргея Каваленку і Валерыя Міснікава. Паводле міліцыянтаў, іх палічылі “падазронымі асобамі”.
У Лідзе былі затрыманыя ўдзельнікі акцыі “Не — новаму Чарнобылю!” Ганна Бунько, Яўген Руды і Яўген Скрабец. Маладыя людзі на вуліцах горада раздавалі ўлёткі з інфармацыяй пра небяспеку будаўніцтва АЭС у Беларусі. На тварах у іх былі ватна-марлевыя павязкі.
Я. Скрабец быў асуджаны на суткі.
У Астраўцы – абраным месцы пабудовы новай беларускай АЭС – у пенсіянераў, якія раздавалі газеты на антыядзерную тэматыку, міліцыянты канфіскавалі ўсе нераздадзеныя экземпляры.
Атамныя амбіцыі
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў аб намеры будаваць АЭС каля Астраўца, недалёка ад літоўскай мяжы. Будаўніцтва хутчэй за ўсё будзе даверанае расейскім кампаніям.
Насельніцтва краіны, чвэрць тэрыторыі якой заражаная радыёнуклідамі з часоў аварыі ў Чарнобылі (Украіна) ў 1986 г., ідэю ўспрыняло крытычна.
Аднак афіцыйны Менск, прызвычаены да прыняцця рашэнняў “за зачыненымі дзвярыма”, дыскусіі не заахвочвае і пагрозы не прызнае. Як і колішняя савецкая Масква, якая доўгі час хавала ад людзей сам факт аварыі на Чарнобылі 26 красавіка 1986 г.
Паводле чыноўнікаў, перад беларускай АЭС найперш ставіцца мэта забяспечыць энергетычную незалежнасць краіны.
Кіраўніцтва дзяржавы спрабуе прыўменшыць і значнасць наступстваў Чарнобыля. Забруджаную зону прэзідэнт маецца “хутка і эфектыўна” адрадзіць.
Навукоўцы, якія папярэджваюць пра небяспекі пражывання ў радыяцыйнай зоне, вымушаныя хавацца за мяжой.