З 18 да 24 сакавіка ў Жэневе праходзіў візіт беларускіх праваабаронцаў і юрыстаў, якія прайшлі адукацыйныя праграмы “Узмацненне сеткі маніторынгу ў Беларусі” (Нідэрландскі Хельсінскі камітэт) і “Bring international standards home” (Фундацыя дамоў правоў чалавека).
УПА – дзяржавы пад наглядам
У хадзе візіту праваабаронцы наўпрост прысутнічалі на паседжанні 10-й сэсіі Рады па правах чалавека, дзе разглядаліся універсальныя перыядычныя агляды (даклады УПА) па Сербіі, Туркменістане, Калумбіі і Узбекістане.
“Мы мелі практычную магчымасць назіраць, як тая ці іншая дзяржава-чалец ААН здае справаздачу за датрыманне правоў чалавека ў сваёй краіне. Менавіта тут у 2010 годзе Беларусь абавязана будзе прадставіць міжнароднай супольнасці УПА аб тым, як захоўваюцца правы чалавека ў нас”, – уражаннямі дзялілася адна з удзельніц беларускай дэлегацыі.
УПА (UPR) – гэта працэдура, падчас якой кожная з краін-удзельніц у межах інтэрактыўнага дыялогу можа выказаць сваю пазіцыю што да сітуацыі з правамі чалавека ў іншай краіне. Унікальнай магчымасцю тут з’яўляецца таксама разгляд інфармацыі з пазіцыі няўрадавых арганізацыяў. Па выніках працы кожнай сэсіі прымаецца выніковы даклад з вынясеннем той ці іншай дзяржаве рэкамендацый аб змяненні сітуацыі ў галіне правоў чалавека.
Каардынатар Фундацыі дамоў правоў чалавека ў Жэневе Флорыян Ірмінгер правёў практычны трэнінг на тэму падання няўрадавымі арганізацыямі ў Раду па правах чалавека альтэрнатыўных дакладаў аб датрыманні дзяржавай правоў чалавека.
Індывідуальная скарга – каб кожны быў пачуты
Асаблівы інтарэс беларусаў выклікала сустрэча ў офісе Вярхоўнага камісара Камітэту ААН па правах чалавека, дзе разглядаюцца індывідуальныя скаргі, у тым ліку ад грамадзян Беларусі.
“Сустрэча з супрацоўнікамі Камітэту для мяне, як праваабаронцы, была найбольш каштоўная, бо падача індывідуальнай скаргі ў Камітэт для беларускіх грамадзян з’яўляецца практычна адзінай магчымасцю даказаць парушэнне з боку сваёй дзяржавы пэўных грамадзянскіх і палітычных правоў, – казаў удзельнік сустрэчы, праваабаронца з Гомля Леанід Судаленка. – Спадзяюся, наша краіна будзе клапаціцца аб сваім іміджы на міжнароднай арэне!”
Эксперт міжнароднай камісіі юрыстаў Лукас Макон правёў практычныя заняткі па канкрэтных індывідуальных скаргах у Камітэт па правах чалавека з Беларусі. З удзелам эксперта Баўгарскага Хельсінскага камітэту Красіміра Канева прайшоў семінар, на якім госці з Беларусі падрабязна азнаёміліся з ААНаўскімі механізмамі абароны правоў грамадзян.
Са словаў супрацоўніцы групы па хадайніцтвах Аніты Трымайлавай, усяго ў цяперашні час Камітэт ААН зарэгістраваў 64 індывідуальныя паведамленні грамадзян Беларусі, з якіх 8 надалей былі спыненыя, 2 прызнаныя непрымальнымі. Па 16 скаргах Камітэт выявіў парушэнні з боку Беларусі правоў, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, астатнія знаходзяцца на стадыі разгляду.