Прыхільнікі “Руху “За Свабоду” атрымалі адмоўны адказ на прапанову адмяніць рашэнне гарвыканкама “Пра парадак правядзення ў г. Баранавічы масавых мерапрыемстваў”, якое робіць іх правядзенне амаль немагчымым.

Адказ прыйшоў з Берасцейскага абласнога выканаўчага камітэта за подпісам намесніка старшыні Леаніда Цупрыка і старшыні Баранавіцкага гарадскога савета дэпутатаў Уладзіміра Стахнова: “рашэнне Баранавіцкага гарвыканкама ад 17.01.2006 года №4 "Пра парадак правядзення ў г. Баранавічы масавых мерапрыемстваў" адпавядае закону, а ваш зварот лічым неабгрунтаваным”.

Чыноўнікі не адрэагавалі на аргумент, выказаны ў заяве, што дадзены нарматыўны акт парушае Канстытуцыю Беларусі і Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах. У рашэнні баранавіцкіх “вертыкальшчыкаў”, у прыватнасці, прапісана, што заяўнікі масавага мерапрыемства абавязаны скласці дамовы з ЖКГ, органамі па НС, міліцыяй, медыкамі і спецаўтабазай па забеспячэнні парадку і бяспекі пры правядзенні акцыі і зрабіць перадаплату гэтых паслуг.

Баранавіцкі праваабаронца Сяргей Гоўша мяркуе, што гэта пазбаўляе магчымасці тых, хто не мае сродкаў заплаціць, рэалізаваць сваё права на правядзенне масавых мерапрыемстваў.

Як паведаміў актывіст “Руху “За свабоду” Віктар Сырыца, аўтары звароту маюцца звяртацца ў вышэйшыя органы ўлады, каб адмяніць незаконнае рашэнне Баранавіцкага гарвыканкама.

****

Тым часам у Горадні ўлады не дазволілі суполцы прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці правесці пікет, запланаваны на 3 красавіка.

У сувязі з адмовай Магілёўскага і Гомельскага гарвыканкамаў у рэгістрацыі прафсаюзных арганізацый актывістамі былі пададзены заявы ў шэрагу гарадоў краіны з мэтай выказаць салідарнасць сваім калегам, якім адмаўляюць у легалізацыі.

Гарадзенскія ўлады традыцыйна пікет забаранілі, што па словах кіраўніка гарадской арганізацыі Святланы Драгалавай з’яўляецца сведчаннем парушэння канстытуцыйнага права грамадзян на правядзенне масавых мерапрыемстваў.

Фармальнай падставай для адмовы з’яўляецца тое, што абранае месца для правядзення пікета – парк Жылібера – нібыта не ўваходзіць у пералік месцаў, дазволеных уладамі для правядзення масавых мерапрыемстваў.

Кіраўніцтва прафсаюза не выключае, што будзе звяртацца ў суд.

Літаральна некалькі днямі раней па той самай фармальнай прычыне гарадзенскія ўлады не дазволілі дэмакратычным актывістам правесці святкаванне Дня волі на адной з цэнтральных плошчаў горада.