“Царква заклікае ўвесці дзейснае рэгуляванне інтэрнэт-змесціва на заканадаўчым узроўні, як гэта зроблена шмат у якіх краінах, у прыватнасці, у Кітаі”, – гэтую заяву Мітрапаліта Менскага і Слуцкага Філарэта растранслявалі ўсе афіцыйныя СМІ краіны.

Кіраўнік беларускай царквы перакананы, што “віртуальны хаос” і распаўсюджаная ў ім “амаральная інфармацыя” пагражаюць псіхіцы дзяцей і падлеткаў.

Для Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) і іншых незалежных экспертаў гэткія заявы – нічога новага, толькі часцей яны гучаць з вуснаў дзяржчыноўнікаў і структур дзяржбяспекі. “Вуснамі мітрапаліта глаголяць генералы”, – пракаментаваў аглядальнік газеты “Наша ніва” Барыс Тумар. Словы Філарэта прагучалі падчас сустрэчы з аўтарытарным кіраўніком краіны Аляксандрам Лукашэнкам.

Назіральнікі не сумняюцца, што згадкі пра “кітайскі досвед” – гэта заклік ачысціць Сеціва ад любога іншадумства. Паводле адной з версій, сама ідэя паўстала не ў царкве, а ва ўладных кабінетах. Глава царквы нібыта толькі агучыў тое, пра што дзяржаўныя мужы саромеюцца гаварыць уголас, бо спрабуюць імітаваць “лібералізацыю”.  

У Беларусі інтэрнэт з’яўляецца практычна адзінай агульнадаступнай крыніцай альтэрнатыўнай інфармацыі. Колькасць карыстальнікаў Сеціва хутка расце, па аналагічным паказчыку апярэджваючы суседнія Расею і Украіну.

“Выклікае здзіўленне, што рэлігійныя дзеячы спрабуюць умяшацца ў свецкія справы, бо асновай для прыняцця важных рашэнняў можа стаць меркаванне людзей, якія не з’яўляюцца спецыялістамі ў гэтай галіне, – мяркуе намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец. – Спасылка на “кітайскую“ мадэль выглядае нонсенсам у цывілізаваным грамадстве”.

Заявы беларускага мітрапаліта выклікалі абурэнне не толькі ў незалежнай медыя-супольнасці, але нават у “мацярынскай” царкве ў Маскве. Расейская праваслаўная царква адхрысцілася ад ініцыятывы беларускіх “братоў па веры”.

“Гэта ні да чаго не прывядзе”, – рэсурсу www.interfax.by пракаментаваў кіраўнік службы камунікацыі Аддзелу вонкавых царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхату, святар Міхаіл Пракапенка. Ён таксама нагадаў, што ініцыятывы, звязаныя з рэгуляваннем інтэрнэту, ва ўсім свеце выклікаюць насцярожанасць у плане “з’яўлення цэнзуры, найперш палітычнай”.

Падпарадкаваная Маскве, Беларуская праваслаўная царква не мае самастойнага статусу. Пры гэтым яна адзіная ў Беларусі карыстаецца моцнай падтрымкай з боку дзяржавы і сама падтрымлівае афіцыйны курс. Тым часам каталіцкай і пратэстанцкай меншасцям улады чыняць перашкоды.