Дамоклаў меч
Прынамсі палова з усіх НГА, якія рэальна існуюць у Беларусі, афіцыйна не зарэгістраваныя і сутыкаюцца з вялізнымі праблемамі пры спробах легалізаваць сваю дзейнасць.
Легалізаваць – невыпадкова ўжытае слова. Без афіцыйнай рэгістрацыі прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці не толькі сутыкаюцца з нязручнасцямі, але і рызыкуюць трапіць за краты. Крымінальны кодэкс Беларусі па-ранейшаму ўтрымлівае палітычны артыкул 193-1, які прадугледжвае да двух гадоў зняволення за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Гэты “Дамоклаў меч маркі 193-1” раз-пораз прымяняецца супраць актывістаў неўпадабаных арганізацыяў. Заклік Еўрапейскага парламенту скасаваць сумнавядомы артыкул беларускімі ўладамі ігнаруецца.
Зарэгістравацца – магчыма, але не ўсім
Тым не менш, некаторыя аналітыкі адзначаюць паляпшэнне сітуацыі ва ўмовах працы трэцяга сектару. Сам факт таго, што ўлады дазволілі правесці Асамблею, ужо лічыцца за прагрэс. Акрамя таго, “у апошнія гады менш актыўная стала кампанія па ліквідацыі грамадскіх аб’яднанняў”, – зазначае юрыст і палітолаг Юрый Чавусаў.
З яго словаў, найвялікшай праблемай застаецца вельмі цяжкая працэдура рэгістрацыі НГА. Аднак і гэты бар’ер робіцца пераадольны: “Мы нават вырашылі правесці тэст: узялі дзевяць незарэгістраваных арганізацый самай рознай скіраванасці і паспрабавалі іх зарэгістраваць. Восем з іх, так ці інакш, праз паўторную падачу дакументаў, праз выпраўленне памылак, праз суды, але атрымалі рэгістрацыю”, – казаў Ю. Чавусаў у дакладзе падчас Асамблеі.
Разам з тым, зазначыў ён, гэта не значыць, што пры жаданні зарэгістраваць можна любую арганізацыю. За прыклад можна падаць чарговую адмову ў рэгістрацыі праваабарончай арганізацыі “Наша вясна”.
"Наша вясна" пакуль не надышла
Міністэрства юстыцыі ў адказе заснавальнікам "Нашай вясны" напісала: “У Рэспубліцы Беларусь права грамадзян на свабоду аб’яднанняў гарантаванае Канстытуцыяй. Аднак рэалізацыя дадзенага права не павінна быць звязаная з парушэннямі заканадаўства або злоўжываннямі гэтым правам з боку ініцыятараў стварэння грамадскіх аб’яднанняў.”
Праваабаронцы не сумняюцца, што за фармальнай адмовай стаіць палітычнае рашэнне. З заклікам перагледзець рашэнне да беларускіх уладаў звярнуліся Хельсінскія Камітэты Швецыі, Нарвегіі, Нідэрландаў, Беларусі, а таксама Маскоўская Хельсінская Група.
“Каб адмовіць у рэгістрацыі заўжды можна знайсці “не тую” фармулёўку ў статуце, дробнае парушэнне ў дакументацыі… Але ўсім зразумела: ладзіцца, фігуральна кажучы, строгі фэйс-кантроль, і калі за структурай стаяць свядомыя апаненты ўлады (хай сабе толькі ў прынцыповым, светапоглядным плане), то шанцы легалізавацца па-ранейшаму надта хісткія”, – сцвярджае палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.
"Скажыце дзякуй, што надта не душым"
Акрамя палітычна матываванага ўціску на асобныя арганізацыі, увесь трэці сектар Беларусі сутыкаецца з фінансавымі цяжкасцямі. Летась страціўшы ільготы на арэнду памяшканняў, шмат якія НГА цяпер проста не могуць сабе дазволіць мець офіс. Што таксама прыводзіць да нелегальнага існавання.
На гэтым фоне няшчыра выглядаюць заявы дзяржорганаў аб палёгках для грамадскіх аб’яднанняў – нават падмацаваныя паасобнымі пазітыўнымі крокамі, такімі як рэгістрацыя "Руху за свабоду" або Цэнтру падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятыў.
“На сённяшні дзень негалосную пазіцыю кіроўных вярхоў у дачыненні да грамадзянскай супольнасці можна выказаць прыкладна такой фармулёўкай: “Скажыце дзякуй, што надта не душым!” – мяркуе А.Класкоўскі.
НГА для дзяржавы – галаўны боль
Прычыны непрыхільнага стаўлення дзяржавы да грамадзянскай актыўнасці, на думку палітолагаў, тояцца ў традыцыйным непрыняцці любой альтэрнатывы. “Ініцыятывы знізу выклікаюць у нашай палітычнай сістэмы раздражненне. Бо яны ж заўсёды могуць выйсці з-пад кантролю, таму лепш іх наагул пазбыцца, чым мець такі галаўны боль”, – агенцтву БелаПАН тлумачыць палітолаг Віктар Чарноў.
У Беларусі на пачатак 2009 г. афіцыйна было зарэгістраванае 2221 грамадскае аб’яднанне. Яшчэ прыблізна столькі ж, на думку В. Чарнова, хаваецца ў цені. Як сцвярджае эксперт, выйсці з ценю трэці сектар зможа толькі пасля скасавання Артыкулу 193-1 і ўвядзення не дазваляльнага, а заяўнага прынцыпу рэгістрацыі.
А пакуль арганізацыі грамадзянскай супольнасці Беларусі вымушаныя варажыць: зарэгіструюць, не зарэгіструюць? А мо – ліквідуюць?