Арганізатары спадзяюцца, што Асамблея станецца сапраўды агульным сходам грамадскіх арганізацыяў і актывістаў, якія працуюць дзеля дэмакратызацыі беларускага грамадства. Мэта сходу – абмеркаваць свае праблемы і зрэагаваць на выклікі, перад якімі стаіць не толькі няўрадавы сектар, але і ўсё беларускае грамадства. Таксама запланаваны шэраг тэматычных круглых сталоў і Фестываль НГА з прэзентацыямі дзейнасці асобных ініцыятываў. Чакаецца, што ў час Асамблеі пачнецца праца па стварэнні Саюза няўрадавых арганізацыяў.
Папярэдні форум няўрадавых арганізацыяў адбыўся яшчэ ў 2004 годзе. Таму патрэба сустрэцца ў грамадскіх актывістаў наспела даўно. “У крымінальным заканадаўстве з’явілася адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Грамадскія арганізацыі пазбавілі льготаў. Пераслед актывістаў — гэта наш сталы клопат, — тлумачыць пільнасць форуму НГА Сяргей Мацкевіч, сябра аргкамітэту Асамблеі і актывіст Цэнтру “Супольнасць”. — Але апошнім часам у краіне нібыта назіраецца так званая лібералізацыя. І таму гэты час вельмі зручны, каб грамадскім арганізацыям сабрацца разам і супольна абмеркаваць свае праблемы, паспрабаваць вызначыць сваю супольную пазіцыю”.
Агульнаму сходу грамадскіх актывістаў папярэднічалі рэгіянальныя – з мэтай абмеркавання сітуацыі ў мясцовым трэцім сектары і падрыхтоўкі прапаноў да сакавіцкага форуму. “Напрыклад, у нашай Магілёўскай вобласці адбыўся нават вялікі фэст — больш за 100 арганізацыяў у ім удзельнічалі. Акрамя таго, адбыліся і тэматычныя круглыя сталы, — распавядае Віталь Васількоў, прадстаўнік магілёўскага грамадскага цэнтру “Кола”. — Гэта — эколагі, маладзёвыя арганізацыі ды іншыя. З’явіўся нават такі новы кірунак, як новыя медыі. Гэта яшчэ адна тэма ў дзейнасці няўрадавых арганізацыяў”.
Зрэшты, не паўсюль рэгіянальныя сходы адбыліся без нейкіх праблем. Гэтак, у Гомелі мясцовыя ўлады паспрабавалі сарваць сустрэчу тамтэйшых грамадскіх актывістаў, у апошні момант адмовіўшы ініцыятарам сходу ў памяшканні.
Сутыкнуліся з перашкодамі і арганізатары менскага форуму. Ужо вядома, што не ўсе замежныя госці здолеюць трапіць на мерапрыемства. “На сённяшні дзень двое з іх ужо не атрымалі візы ў Беларусь. Гэта прадстаўнік кіеўскага аддзялення Нацыянальна-дэмакратычнага інстытуту Дэвід Гамільтан і прадстаўніца фундацыі Баторыя з Варшавы Агнешка Камароўска. Мне патэлефанавалі з амбасады Беларусі ў Кіеве і сказалі, што вы запрашаеце на Асамблею Дэвіда Гамільтана. Але мы не можам даць яму візу, паколькі ён у спісе неўязных у Беларусь. Але калі вы вельмі хочаце, звярніцеся ў КДБ. Можа, яны дадуць такі дазвол, – разводзіць рукамі Сяргей Мацкевіч. – Ёсць яшчэ чалавек 5, якія дагэтуль не атрымалі візы. І, можа, гэты спіс будзе, на жаль, павялічаны”.