Сярод тысяч іншых зняволеных у беларускіх турмах знаходзяцца 5 чалавек: Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў, Уладзімір Асіпенка, Арцём Дубскі і Максім Дашук, – якіх лучаць прынамсі тры моманты.
Па-першае, усе яны звязаныя з прадпрымальніцтвам і з’яўляюцца апанентамі палітычнага кіраўніцтва краіны. Аўтуховіч, Лявонаў і Асіпенка – бізнэсоўцы з Ваўкавыску. Дубскі і Дашук – фігуранты нашумелага “Працэсу 14-ці”, заведзенай супраць удзельнікаў леташняй маніфестацыі прадпрымальнікаў. Усе, апроч Асіпенкі, сябра і паплечніка Аўтуховіча, у свой час адбывалі судовыя пакаранні, прызнаныя праваабаронцамі як палітычныя.
Па-другое, затрыманне ўсіх пецярох адбылося на працягу двух тыдняў сёлета – з 8 па 23 лютага. Ваўкавыскіх бізнэсоўцаў арыштоўвалі ажно 30 узброеных супрацоўнікаў элітнага спецпадраздзялення МУС “Алмаз” і опергрупы па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю. Зрэшты, арышт быў больш падобны да антытэрарыстычнай аперацыі: збітыя затрыманыя, шматлікія ператрусы, металашукальнікі. Арцёма Дубскага знялі з цягніка ў Гомелі, калі ён вяртаўся з Украіны дадому ў Асіповічы. Максіма Дашука затрымалі паводле схемы, аналагічнай арышту Аляксандра Баразенкі: у кабінеце следчага, куды Дашук прыйшоў па позве.
Па-трэцяе, усе зняволеныя абвінавачваюцца ў крымінальных злачынствах. Аўтуховічу, Лявонаву і Асіпенку інкрымінуюць падпал дома былога начальніка Ваўкавыскага РАУС Віталя Кацубы ў 2004 годзе. Зрэшты, сам Кацуба цвердзіць, што прэтэнзіяў да арыштаваных не мае і аніякае заявы на іх затрыманне не пісаў, а за дадзенае злачынства і наагул асуджаны і адбывае пакаранне зусім іншы чалавек. Таксама ў арыштаваных шукалі зброю, аднак безвынікова. Следчы забараніў блізкім сваякам прадпрымальнікаў прадстаўляць іх інтэрасы ў якасці абаронцаў.
Максім Дашук быў абвінавачаны ў парушэнні ўмоваў адбыцця пакарання. Непаўнагадовы Дашук, што знаходзіцца пад хатнім арыштам, як і іншыя фігуранты “Працэсу 14-ці”, тлумачыць: “Усе папярэджанні былі вынесеныя за тое, што не знаходзіўся ў кватэры ў патрэбны час. Мне дазвалялася выходзіць з хаты толькі дзве гадзіны на суткі, а трэба было дапамагаць маці, бо бацька памёр яшчэ ў красавіку. Працы ў мяне не было, бо непаўналетні, а таксама няма менскай прапіскі”. Пасля ночы ў следчым ізалятары хлопец быў вызвалены да судовага разбіральніцтва пад падпіску аб нявыездзе.
Іншы фігурант “Працэсу 14-ці” Арцём Дубскі, як і Дашук, знаходзіўся пад хатнім арыштам. Падстава для арышту аналагічная: парушэнне ўмоваў адбыцця пакарання. Апроч таго, асіповіцкая міліцыя абвінавачвае Дубскага ў тым, што з чужой sim-карткі ён выйшаў у інтэрнэт і нанёс страту кампаніі мабільнай сувязі “Velcom”. Суд над арыштаваным маладзёнам адбудзецца 3 сакавіка.
***
Беларускія ўлады настойваюць на крымінальным характары прычын затрымання ўсіх пяцёх апазіцыйных актывістаў. Гэтак, у праўрадавых медыя з’явіўся шэраг матэрыялаў пра “Справу аб падпалах”, заведзеную супраць арыштаваных прадпрымальнікаў, а таксама пра нібыта знойдзеныя ў апошніх нелегальную зброю і выбухоўку.
14 лютага міністр МЗС Беларусі Сяргей Мартынаў у інтэрв’ю адной з найбуйнейшых нямецкіх газет “Frankfurter Allgemeine Zeitung” заявіў: “Мы не арыштоўвалі б беспадстаўна людзей, калі б гэта магло пагоршыць нашыя стасункі з ЕЗ. Гэтым грамадзянам у законным парадку павінна быць прад’яўленае абвінавачванне, паколькі ў праваахоўных органаў меліся дастатковыя прычыны падазраваць іх у крымінальнай дзейнасці. Тут няма аніякага палітычнага падтэксту”. А 17 лютага афіцыйную пазіцыю абвінавачвання падсумаваў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка: “У нас як толькі каго-небудзь прыціснулі за злачынныя дзеянні – ён адразу ж становіцца “апазіцыянерам”. І ў Еўропе гэта ўжо зразумелі. Калі што-небудзь звязана з незаконным захоўваннем зброі, напрыклад, – закон адзін для ўсіх: прыватным асобам захоўваць аўтаматы і гранаты нельга. Тэрору ў краіне быць не павінна”.
Афіцыйнае ж абвінавачванне арыштаваным прадпрымальнікам з Ваўкавыску было прад’яўлена толькі на наступны дзень – 18 лютага.
Незалежныя аналітыкі і праваабаронцы катэгарычна не згодныя з абвінавачваннем. “Гэта чыстай вады правакацыя ў духу “лукашызму” і ягоных спецслужбаў, – перакананы Аляксандр Камароўскі, кіраўнік аб’яднання ветэранаў баявых дзеянняў “Абаронцы Айчыны”, паплечнік Мікалая Аўтуховіча. – Лукашысты могуць на любога чалавека павесіць усё, што заўгодна. Два з паловай гады таму мы ўжо мелі падобны досвед з маладзёвым актывістам Паўлам Красоўскім. Яму прыпісалі два злачынствы – віцебскія выбухі і згвалтаванне. Потым сталася, што выбухі былі арганізаваныя чэкістамі. А калі сталі капацца ў другой справе, якую інкрымінавалі Красоўскаму, высветлілася, што на момант злачынства Паўлу Красоўскаму было 12 год. Важыў ён 32 кілаграмы, і бацькі вадзілі яго ў школу за ручку”.
Праваабаронца Алег Воўчак заўважае: “Беларускае Тэлебачанне хлусіць. Ніякай выбухоўкі ці зброі ў хатах Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі канфіскавана не было, проста таму што гэтага там не было наагул. Былі канфіскаваныя звычайныя паяльнікі і волава, якое, як вядома, выкарыстоўваецца пры паянні. Наагул паказальна, як аператыўна спрацавала БТ. Гэта кажа аб тым, што акцыя супраць лідэраў прадпрымальнікаў была спланаваная. 10 лютага Мікалая Аўтуховіча павінныя былі датэрмінова вызваліць. Мабыць, для таго, каб яго не вызваляць, і ўчынілі гэтую правакацыю”.
Актывісты грамадзянскай ініцыятывы “Хартыя’97” перакананыя ў распачынанні беларускімі ўладамі новай інфармацыйнай вайны супраць сваіх апанентаў: “Мэта інфармацыйнай вайны наступная: раскруціўшы папярэдне тэму падпалаў, звязаць у масавай свядомасці падпалы з апазіцыяй”.
Сярод мэтаў распачатай інфармацыйнай вайны незалежнымі экспертамі пералічваюцца і чарговыя спробы запалохаць беларускае грамадства, а таксама патрэба рэжыму мець у запасе некалькі закладнікаў, свабодай якіх можна будзе гандляваць у далейшым дыялогу з Захадам.