Афіцыйны Менск пайшоў яшчэ на адну саступку патрабаванням Захаду: з чацвёртай спробы легальны статус атрымала арганізацыя Аляксандра Мілінкевіча, аднаго з прэтэндэнтаў на пост прэзідэнта краіны і палітычнага апанента Аляксандра Лукашэнкі. Гэткім чынам, Праваабаронча-асветніцкае грамадскае аб’яднанне “Рух за Свабоду” сталася першай значнай апазіцыйнай структурай, легалізаванай у краіне за апошнія 8 гадоў.

Словы радасці…

Сябры Руху не хаваюць радасці і аптымізму. У інтэрв’ю для Радыё Свабода намеснік старшыні арганізацыі Юрась Губарэвіч адзначыў: “Наша рэгістрацыя сведчыць пра пэўныя змены ў стаўленні рэжыму да грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Вельмі бы хацелася, каб факт рэгістрацыі Руху “За свабоду” не стаў выключэннем з агульных правілаў нерэгістрацыі. І каб рэгістрацыю атрымалі ў найбліжэйшы час незалежныя і дэмакратычныя арганізацыі, якія правялі свае ўстаноўчыя сходы і падалі адпаведныя дакументы ў Міністэрства юстыцыі”.

Лідэр арганізацыі Аляксандр Мілінкевіч лічыць, што дэмакратычная апазіцыя ў новых умовах можа пачаць супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі дзеля захавання незалежнасці Беларусі. Пра гэта ён заявіў ў Беластоку падчас сустрэчы са студэнтамі стыпендыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага: “І мы, і ўлады зацікаўленыя ў тым, каб Беларусь захавала свой суверэнітэт. І тут мы можам з імі супрацоўнічаць. Не трэба баяцца гэтага слова, бо гэта супрацоўніцтва не дзеля дыктатарскай улады. Гэта супрацоўніцтва дзеля таго, каб Беларусь не ўпала на калені”.

Легалізацыю Руху “За свабоду” віталі вядомыя палітыкі і праваабаронцы з розных краін. Гэтак, Вярхоўны прадстаўнік Еўрапейскага Звязу па агульнай знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Хаўер Салана падкрэсліў, што пытанне выканання законных правоў арганізацый грамадзянскай супольнасці адыгрывае важную ролю ў дыялогу, які працягваецца паміж Еўрасаюзам і беларускімі ўладамі: “Вызваленне ўсіх прызнаных міжнароднай супольнасцю палітычных зняволеных у жніўні прывяло да пачатку новай фазы гэтага дыялогу. Рашэнне аб рэгістрацыі Руху за Свабоду з’яўляецца важным крокам, які будзе садзейнічаць далейшаму пазітыўнаму развіццю адносін Еўрасаюза і Беларусі”. Камісар па знешніх сувязях і еўрапейскай палітыцы дабрасуседства Бэніта Ферэра-Вальднер назвала рэгістрацыю Руху “крокам у правільным кірунку датычна павагі правоў НДА і свабоды сходаў”.

…і засцярогі

Палітолаг Уладзімір Роўда лічыць, што афіцыйнае прызнанне “Руху “За свабоду” кладзецца ў тыя паводзіны, якія цяпер дэманструе беларускае кіраўніцтва: “У першую чаргу маецца на ўвазе паляпшэнне дачыненняў з Захадам, дыялог і г.д., і г.д. Я лічу, што тут уплыў, безумоўна, Макея — новага кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі. Але, на маю думку, гэта невялікая саступка. Ці будзе ў нас адной грамадскай арганізацыяй больш, ці менш, гэта абсалютна ніякага надвор’я не робіць”.

Балазе прычын для трывожнай стрыманасці дастаткова. У дзень рэгістрацыі аб’яднання ў Пінску мясцовыя супрацоўнікі КДБ звярнуліся да актывісткі ПАГА “Рух “За Свабоду” з прапановай “папрацаваць” на органы. Паводле сайту www.milinkevich.org, спэцслужбы абгрунтавалі свае дзеянні імкненнем, “каб актывістаў аб’яднання не было ў Пінску”. А незадоўга да гэтага выпадку, 12 снежня, супрацоўнікі праваахоўных ворганаў наведалі Сяргея Трафімчыка, іншага актывіста аддзелу арганізацыі ў Бярозаўцы. Сам Трафімчык ацэньвае гэты візіт як спробу запужаць яго і яго сям’ю.

Рэгістрацыя Руху “За свабоду” не здымае і іншых акуальных пытанняў, адным з якіх з’яўляецца лёс астатніх няўрадавых беларускіх арганізацыяў. Чарговую, сёмую па ліку, адмову ў рэгістрацыі атрымала Магілёўская гарадская суполка незалежнага Прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці. А ў Менску на мяжы ліквідацыі апынулася грамадская арганізацыя “Цэнтр па правах чалавека”, прычына – празмерна вялікая арэндная плата офіса, падвальнага памяшкання, якое здымае Цэнтр. Рэверансы беларускіх уладаў у бок Еўрапейскага Звязу выклікаюць у заходніх дыпламатаў асцярожны аптымізм у прагнозах узаемных дачыненняў з афіцыйным Менскам. Аднак “лібералізацыя” пры бліжэйшым разглядзе апынаецца фарсам. Спыненне дзейнасці пагражае сотням грамадскіх арганізацыяў”, – адзначае кіраўніца Цэнтру Раіса Міхайлоўская.

Documents:

  • Заява

    Вярхоўнага прадстаўніка Еўрапейскага Звязу па агульнай знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Хаўера Саланы (па-ангельску)