Працэс адбываўся ў напружанай атмасферы. Яшчэ на самым пачатку ў залу не былі дапушчаныя большасць праваабаронцаў, палітыкаў і паплечнікаў Баразенкі, а таксама выдаленыя ўсе фотажурналісты. Будынак установы быў ачэплены атрадамі спецпадраздзяленняў, на кожным з паверхаў дзяжурылі дзясяткі супрацоўнікаў праваахоўных ворганаў. Адбыліся сутычкі паміж міліцыянтамі і ўдзельнікамі акцыі падтрымкі, што ладзілася ў час працэсу непасрэдна пад вокнамі суду. У час адной з найбольш жорсткіх сутычак быў збіты Андрэй Кім, былы палітвязень, яшчэ адзін фігурант “Працэсу 14-ці”. Пацярпела і маці падсуднага Алена Баразенка: яе моцна штурхануў у плечы і абразіў непрыстойнымі словамі Уладзімір Цюхай, адзін з кіраўнікоў праўрадавай арганізацыі “БРСМ”. Аляксандр Баразенка ў час судовага паседжання быў змешчаны ў клетку, прадугледжаную для ўтрымання найбольш небяспечных злачынцаў.
Як паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”, у час судовага разбіральніцтва Баразенка не быў апазнаны аніводным з сведкаў як удзельнік пратэсту прадпрымальнікаў, на чым настойваў абвінаваўчы бок. Не спраўдзіліся закіды пракуратуры да актывіста і пасля прагляду аператыўнай здымкі з месца падзеяў. Аднак, не зважаючы на адсутнасць аргументаванай абвінаваўчай базы, суддзя Наталля Вайцяховіч агучыла вырак не на карысць Баразенкі – 1 год абмежавання волі без накіравання ў спецустановы. Палітвязень быў вызвалены ў залі суду.
Падсумоўваючы вынікі “Працэсу 14-ці”, праваабаронца Валянцін Стэфановіч не раіць падманвацца наконт “лібералізацыі” беларускіх уладаў: “Еўразвяз заяўляў, што спыніць санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў толькі пры адсутнасці палітычнага пераследу. А на сённяшні дзень, усе ўдзельнікі “Працэсу 14-ці” адбываюць пакаранне. Зараз яны фактычна знаходзяцца пад хатнім арыштам, пад надзвычай пільным даглядам, і пры найдрабнейшым правапарушэнні ў кожны момант могуць быць пазбаўленыя свабоды”.
“Працэс 14-ці” прыцягнуў да сябе ўвагу многіх праваабаронцаў і палітыкаў з розных краін свету і быў прызнаны палітычна матываваным, а яго фігуранты – палітычнарэпрэсаванымі. Міжнародная супольнасць выступіла з рашучым асуджэннем дзеянняў беларускіх уладаў і заклікала да неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў. У прыватнасці, Камісарка ЕЗ па знешніх сувязях і палітыцы добрасуседства Беніта Ферэра-Вальднер заявіла: “Вельмі важна, каб Беларусь заставалася краінай без палітычных вязняў і паважала свабоду выказвання, а таксама правы на асацыяцыі і сходы. У гэтым кантэксце, я адзначаю асаблівае значэнне справы Баразенкі, за развіццём якой мы сочым надзвычай пільна”.
За час зняволення Аляксандра Баразенкі ў Беларусі і іншых краінах адбыліся дзясяткі акцыяў у яго падтрымку. Некаторыя ўдзельнікі акцыяў у Беларусі былі збітыя і арыштаваныя супрацоўнікамі міліцыі.
Хроніка судовага працэсу (фота, відэа)
Апошні герой, “Наша Ніва”
Баразенку – год «хатняй хіміі», “Наша Ніва”
Аляксандр Баразенка прысуджаны да 1 году абмежавання волі, Хартыя’97