У межах фестывалю адбыліся не толькі кінапаказы твораў маладых рэжысёраў-пачаткоўцаў, але таксама майстар-класы і сустрэчы з іх старэйшымі калегамі, вядомымі беларускімі і літоўскімі тэарэтыкамі і практыкамі мастацтва “рухомай карцінкі”. Як здымаць і як не здымаць кіно, якое кіно запатрабаванае і якое звычайна імкнуцца не заўважаць, як абараніць уласныя правы і не парушыць правоў іншых – актуальнасць “нязручных” тэм задзіночыла ўдзельнікаў з Беларусі, Літвы, Кыргызстану і Украіны.
Фестываль, арганізаваны ініцыятыўнай групай праекта ЛітПро Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта ў партнёрстве з Домам правоў чалавека ў Вільні, з’яўляецца першым фестывалем такога фармата не толькі для Беларусі, але і для ўсяго рэгіёну. Ажыццяўленне ідэі “Knopki Vyzova” стала магчымым дзякуючы фінансавай падтрымцы Міністэрства замежных спраў Літвы, Міністэрства замежных спраў Нарвегіі і Фундацыі дамоў правоў чалавека (Нарвегія).
“На першы погляд здаецца, што фестываль візуальных выказванняў на нязручныя тэмы не мае аніякага дачынення да правоў чалавека. Аднак у Беларусі адной з найбольш нязручных тэм з’яўляюцца правы чалавека. У Беларусі наагул шмат усяго нязручнага: нязручныя тэмы, нязручныя арганізацыі, нязручныя універсітэты, нязручныя людзі, – адзначае Ганна Герасімава, дырэктарка Беларускага ДПЧ. – І мы вельмі радыя, што гэты фестываль дае вельмі розным людзям магчымасць выказацца і рэалізаваць сваё права на свабоду думкі, свабоду слова і свабоду распаўсюду інфармацыі”.
Менскі кінакрытык і адзін з сябраў журы “Knopki Vyzova” Максім Жбанкоў бачыць актуальнасць фестывалю ў іншым: “У беларускім кіно няма Беларусі. Нашае жыццё і наш кінематограф існуюць у абсалютна розных прасторах. І адначасова мы жывем у надзвычай цікавы і гістарычны час – дык давайце здымаць цяперашнюю Беларусь, сапраўдную Беларусь! Сёння кіно робіцца больш незалежнае: практычна кожны можа зрабіць уласны фільм на звычайным ноўтбуку і выказацца гэткім чынам, паказаць уласнае бачанне свету. І мне вельмі дзіўна, што пакуль што гэткіх фільмаў вельмі мала. Аднак я вельмі спадзяюся, што новае пакаленне ўсё-ткі пачне прамаўляць, і вельмі гэтага чакаю”.
У конкурснай праграме ўдзельнічалі 16 стужак. Ганаровым дыпломам першай ступені журы адзначыла фільм “Надпісы” (Міхась Кастроў, Украіна), другой ступені – “Горадня. Новы Свет” (Павал Міцкевіч, Дар’я Алізарэвіч, Беларусь) і трэцяй ступені – “Масоўка” (Наталля Голава, Беларусь). Таксама журы адзначыла фільм “Няма акіяну” (Габрыеле Лабанаўскайтэ, Літва). Прызы ад арганізатараў фестывалю атрымалі і яго самыя маладыя ўдзельнікі – Лінас Сцяпонавічус (фільм “Казанне гораду”, Літва) і Максім Карповіч (фільм “Піць ці не піць. Каву”, Беларусь). У намінацыі “Дакладнасць формы” найлепшай была прызнаная стужка “Я – Іншы” (Юля Якубовіч, Дзяніс Шэко, Аляксандра Давыдзенка і Аляксандр Мартынюк, Беларусь) і “Добрай раніцы, Зорнае святло” (Аляксей Марозаў, Беларусь).
Адмысловым прызам ад Беларускага ДПЧ была адзначаная стужка “Усведамленне” (Яўген Сідараў, Беларусь). “Фільм “Усведамленне” – самая кароткая стужка, прадстаўленая на фестывалі, – заўважае Ганна Герасімава. – Аднак гэтыя паўтары хвіліны прымушаюць нас усіх задумацца над самым важным правам чалавека – правам на жыццё, правам, без якога немагчымае ажыццяўленне ўсіх астатніх правоў”.
“Бяры камеру – і твой голас будзе пачуты!” – запэўніваюць удзельнікі “Knopki vyzova” і запрашаюць усіх ахвотнікаў на чарговы фестываль у наступным годзе.
Спасылкі па тэме: