Нагадаем, што 27 кастрычніка грамадскі актывіст добраахвотна з’явіўся да следчага ў “справе 14-ці”, распачатай супраць удзельнікаў студзеньскай мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, дзе і быў арыштаваны і змешчаны ў следчы ізалятар. З наступнага дня ў шэрагу беларускіх гарадоў распачаліся акцыі ў падтрымку Баразенкі, многія ўдзельнікі якіх былі затрыманыя міліцыяй і дастаўленыя ў пастарункі без якіх-колечы афіцыйных абвінавачванняў.
Ніжэй – тэкст ліста Аляксандра Баразенкі цалкам, змешчаны на сайце “Хартыі’97”:
“Я доўга спрабаваў зразумець, чаму гэтак адбылося. І галоўнае – дзеля чаго?
Магчыма, дзеля таго, каб больш нічога не баяцца, быць гатовым да ўсяго. Гэткія выпрабаванні даюцца нам не проста так. Чалавеку, які прашоў праз усё гэтае полымя цяжкасцяў, ужо няма чаго баяцца. Калі ён вытрымае – станецца няўрымслівы і дасягне жаданага. Чалавек – нібы галінка ў лесе: тыя, што ломяцца лёгка – гнілыя ды блага гараць, а тыя, што не перасячы і абухом сякеры – сваім полымем сагрэюць у самую халодную ноч.
Магчыма, каб даць нам усім кавалачак надзеі, можа нават зрабіцца для кагосьці прыкладам. Зараз важна не апусціць рукі. Трэба паказаць, што мы не стомленыя, што нас не запалохаць! І гэта павінен зрабіць кожны з нас. Кожны павінен здзейсніць маленечкі подзвіг – перамагчы свой страх, сваю апатыю. Надышоў час напоўніць слова “свабода” моцай… моцай нашага з вамі духу. Бо кожная літара гэтага слова мёртвая, калі яно не жыве ў нашых сэрцах.
Магчыма, дзеля таго, каб заверчыць распачатае.
Магчыма, таму, што з дзяцінства вучылі мяне ўсё рабіць паводле ўласнага сумлення.
Магчыма, таму, што вельмі люблю сваю краіну і свой народ…
Магчыма, папросту каб шмат што зразумець і пераасэнсаваць. Зразумець, наколькі я не самотны, наколькі дарагія мне любімыя людзі. Зразумець, што ўсё будзе добра! Разам мы ўсё пераадолеем і абавязкова даможамся свайго. Галоўнае – верыць і не здавацца! Не зважаючы ані на што…
Трэба ўсведамляць: боль – гэта пакліканне да асалоды, страх – пакліканне да мужнасці, немач – пакліканне да моцы, нямогласць – пакліканне да волі.
Не бойцеся!” (с) Ян Павел ІІ
Ніколі не здавайцеся і не губляйце сілы духу! Заўсёды з вамі! Жыве Беларусь!
Аляксандр Баразенка”