Аляксандр – адзін з фігурантаў крымінальнай справы, распачатай яшчэ ў студзені супраць удзельнікаў тагачаснай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў і неафіцыйна нарачонай “Працэсам чатырнаццаці”. У адрозненне ад іншых фігурантаў справы, Баразенка напачатку здолеў пазбегнуць прысуду, не з’явіўшыся на працэс. Пэўны час ён знаходзіўся ў польскім Уроцлаве, дзе быў навучаўся ва ўніверсітэце. Аднак, вярнуўшыся пазней у Беларусь, хлопец больш ня здолеў пакінуць межы краіны, трапіўшы ў спіс невыязных.
27 кастрычніка Аляксандр Баразенка дабрахвотна з’явіўся да следчага справы Міхалькевіча, дзе і быў арыштаваны і накіраваны ў следчы ізалятар. “У СІЗА Баразенка правядзе час да суду, калі, канечне, ня будзе замененая мера стрымання. Хадайніцтва ў пракуратуру накірую бліжэйшымі днямі”, — заявіў “Нашай ніве online“ адвакат затрыманага Павал Сапелка.
Увечары гэтага ж дня ў Менску былі затрыманыя чатыры ўдзельнікі стыхійнай акцыі салідарнасці з Аляксандрам Баразенкам. Праз дзень, 29 кастрычніка, падобная акцыя адбылася і ў Пінску, тры ўдзельнікі якой таксама былі затрыманыя. У абодвух выпадках пратэстоўцы былі дастаўленыя ў міліцэйскі пастарунак, дзе былі затрыманыя без складання пратаколаў.
У сувязі з апошнімі падзеямі Праваабарончы цэнтр “Вясна” распаўсюдзіў адмысловую заяву, у якой асудзіў дзеяньні беларускіх уладаў і выказаў занепакоенасьць тым фактам, што “арышт Аляксандра Баразенкі адбываецца на фоне пэўных саступак Еўразьвязу афіцыйным беларускім уладам: адмены санкцыяў у дачыненьні да высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, аднаўленьня афіцыйных кантактаў краінаў Еўразьвязу з афіцыйным Менскам і інш.”
Кіне цень на паляпшэнне стасункаў ЕЗ з Беларуссю
Арышт А. Баразенкі адбыўся ў той жа дзень, калі ў Вільню прыехала дэлегацыя Еўрапейскага Пардаменту – шукаць шляхоў наладжвання дыялогу паміж Бруселем і Менскам. Стымул да дыялогу дало вызваленне ранейшых палітвязняў. Аднак непрымальнасць з’яўлення новых – усё яшчэ тэма да абмеркавання.
Праблема Баразенкі была закранутая падчас наведвання еўрапейскімі дэпутатамі Амбасады Беларусі і сустрэчы з дарадцам-пасланнікам Валерыем Бараноўскім. Праз шэсць месяцаў, калі Брусэль будзе вырашаць, ці аднаваіць, ці зусім скасаваць часова прыпыненыя візавыя санкцыі для беларускіх чыноўнікаў, будзе улічвацца, ці дасягнуты які-небудзь прагрэс у дыялогу з беларускімі ўладамі.
З’яўленне новых палітзняволеных – “паказчык непаслядоўнасці, які можа легчы ценем на гэтыя шэсць месяцаў”, заявіў “Нямецкай хвалі” пасля сустрэчы ў амбасадзе старшыня камісіі Еўрапарламенту па Беларусі Яцэк Пратасевіч. – “Я выразна і наўпрост сказаў намесніку амбасадара, што мы ня бачым падставы арыштоўваць чалавека па тых самых абвінавачваннях, па якіх нядаўна былі вызваленыя Кім і Парсюкевіч”.
Беларуская амбасада абяцала перадаць пазіцыю еўрапарламентароў у Менск, аднак зазначыла, што калі парушаны закон, слова павінна быць за судовай сістэмай. Я.Пратасевіча гэты аргумент не пераканаў: “Для заходняй грамадскай думкі пытанне асабістай вольнасці вельмі важнае. Баразенка – гэта не рэцыдывіст, а арышт павінен накладацца тады, калі існуе пагроза для жыцця і здароўя іншых людзей. Гэта не такі выпадак, таму абысціся можна было падпіскай аб нявыездзе, ну навошта яго трэба браць пад арышт?”
Аляксандр Казулін: “Я лепш бы ў турме сядзеў, чым бачыць гэта”
Былы палітзняволены, вядомы апазіцыйны палітык Аляксандр Казулін не здзіўляецца з’яўленню ў краіне новага палітвязня. Былы супраціўнік Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах выказваецца ў падтрымку дыялогу Захаду з рэжымам, аднак не хавае заклапочанасці, што Еўропа зноў дасць сябе ашукаць, купіўшыся на прымірэнчую рыторыку беларускіх уладаў, але не дамогшыся рэальных крокаў: “Я б лепш у турме сядзеў, чым бачыць тое, што цяпер адбываецца. Бо напладзіць новых палітвязняў – гэта лягчэй за ўсё. Заўтра іх будзе дзесяць – і зноў усё звядзецца да вызвалення палітвязняў”, – заявіў А.Казулін падчас сустрэчы з прадстаўнікамі Еўрапарламенту. Вызваленне А.Казуліна лічыцца галоўнай саступкай афіцыйнага Менску Захаду ў апошні час.