Мінск, 17.09.2020
У сувязі з інфармацыяй аб прад’яўленні абвінавачванняў па артыкуле 293 Крымінальнага кодэксу (“Масавыя беспарадкі”) Cяргею Капанцу, Дзянісу Кірэшчанку, Аляксею Караткову, Станіславу Міхайлаву, Алене Маўшук, Алегу Мазгову, Дэвіду Масціцкаму, Мікалаю Сасеву, Ігару Салаўю, Ягору Сугойдзю, Дзянісу Чыкалёву і Вячаславу Шэлямету, яшчэ раз падцвярджаючы пазіцыю выкладзеную ў супольнай заяве праваабарончай супольнасці ад 10 жніўня 2020 года, адзначаем наступнае:
Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гэтая свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.
Выступы грамадзян насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года, і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.
Сходы грамадзян насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.
Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.
У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня на ўлады Рэспублікі Беларусь.
Таксама лічым неабходным адзначыць, што дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазыцыяй артыкула 293 КК і адпаведна не могуць кваліфікавацца, як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам.
Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.
Мы ацэньваем пераслед Cяргея Капанца, Дзяніса Кірэшчанка, Аляксея Караткова, Станіслава Міхайлава, Алены Маўшук, Алега Мазгова, Дэвіда Масціцкага, Мікалая Сасева, Ігара Салаўя, Ягора Сугойдзя, Дзяніса Чыкалёва і Вячаслава Шэлямета, якія былі абвінавачаныя па арт. 293 КК (“Масавыя беспарадкі”), як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.
У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязняў Cяргея Капанца, Дзяніса Кірэшчанку, Аляксея Караткова, Станіслава Міхайлава, Алену Маўшук, Алега Мазгова, Дэвіда Масціцкага, Мікалая Сасева, Ігара Салаўя, Ягора Сугойдзя, Дзяніса Чыкалёва і Вячаслава Шэлямета і спыніць іх крымінальны пераслед.
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
Простае таварыства “Ініцыятыва FORB”;
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;
РГА “Прававая ініцыятыва”;
Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;
РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”;
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Офіс па правах людзей з інваліднасцю;
Ініцыятыўная група “Ідэнтычнасць і права”.