Прысудам суда Савецкага раёна г. Мінска ад 12 лютага 2020 году анархісты Мікіта Емяльянаў і Іван Комар былі асуджаныя на сем гадоў пазбаўлення волі кожны за псаванне маёмасці ў грамадскіх месцах (арт. 341 КК), замах на наўмыснае пашкоджанне маёмасці і наўмыснае пашкоджанне маёмасці, здзейсненае агульнанебяспечным спосабам (ч.1 арт. 14 ч. 2 артыкула 218 КК, ч. 2 артыкула 218 КК), незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў (ч. 2 арт. 295-3 КК).
У віну Емяльянаву і Комару ставілася закідванне лямпачкамі з фарбай фасаду будынка Мінскага гарадскога суда ў верасні 2019 года і два эпізоды выкарыстання гаручай сумесі (адзін з якіх не адбыўся) для падпалу дзвярэй следчага ізалятара ў кастрычніку 2019 года ў г. Мінску.
Мікіта Емяльянаў не адмаўляў свайго ўдзелу ва ўсіх трох акцыях і заявіў, што мэтай яго дзеянняў было прыцягненне ўвагі да палітычных зняволеных у Беларусі, выказванне нязгоды з дзеючай сістэмай і рэпрэсіямі за свабоду меркаванняў.
Іван Комар адмаўляў свой актыўны ўдзел у акцыях і заяўляў аб ужыванні да яго жорсткага абыходжання і ціску на яго прадстаўнікамі ГУБАЗіК МУС і іншымі асобамі з мэтай напісання яўкі з павіннай.
У дачыненні да заявы Івана Комара пра ўжыванне псіхалагічнага і фізічнага ціску належнага расследавання не зроблена. Суд не прыпыніў разгляд справы для высвятлення абставінаў жорсткага абыходжання па заяве Комара. Пры такіх абставінах дакладнасць і дапушчальнасць тых доказаў, якія былі атрыманыя па выніках допытаў абвінавачанага, а затым ляглі ў аснову абвінаваўчага прысуду выклікаюць сумнеў.
У адпаведнасці з артыкулам 7 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, ніхто не павінен падвяргацца катаванням або жорсткаму, бесчалавечнаму або зневажальнаму яго годнасць абыходжанню або пакаранню.
У адпаведнасці з артыкулам 19 Пакта кожны чалавек мае права бесперашкодна прытрымлівацца сваіх меркаванняў. Кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэта права ўключае ў сябе свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці праз друк, або мастацкіх формаў выражэння, ці іншым шляхам па свайму выбару.
Карыстанне дадзеным правам накладае асаблівыя абавязкі і асаблівую адказнасць. Гэта права, адпаведна, можа быць звязана з некаторымі абмежаваннямі, якія, аднак, павінны быць устаноўленыя законам і з’яўляцца неабходнымі:
а) для павагі і рэпутацыі іншых асобаў;
б) для аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя і маральнасці насельніцтва.
Такім чынам, дапушчальныя абмежаванні свабоды выказвання меркаванняў, устаноўленыя для аховы грамадскага парадку, павінны быць прапарцыйнымі і не выходзіць за неабходныя межы. Супрацьпраўнае выкарыстанне гаручай сумесі, пашкоджанне маёмасці можа і павінна пераследвацца па законе, аднак пакаранне за гэтыя парушэнні не павінна быць празмерным і непрапарцыйным.
У адпаведнасці з артыкулам 14 Пакта кожны мае права пры разглядзе любога крымінальнага абвінавачання, прад’яўлянага яму, на справядлівы і публічны разбор справы кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом.
У парушэнне названых правоў Мікіта Емяльянаў быў асуджаны да празмерна жорсткага пакарання, якое з’яўляецца відавочна непрапарцыйным зробленаму.
Іван Комар таксама быў пакараны празмерна жорстка, непрапарцыйна пастаўленным у віну дзеянням.
Акрамя таго, суд не праверыў належным чынам заявы Комара пра прымус да дачы паказанняў, аб жорсткім абыходжанні і пагрозах катаваннямі; не дадзеная належная ацэнка праведзеных у дачыненні да абвінавачанага Емяльянава аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, якія парушылі яго права не сведчыць супраць сябе, а таксама карыстацца дапамогай адваката, што ў сукупнасці з іншымі парушэннямі правоў абвінавачаных сведчыць аб несправядлівым судовым разглядзе.
З улікам цяжкасці наступстваў зробленага, наступных паводзінаў і дадзеных пра асобу абвінавачаных, меліся падставы прымянення да Емяльянава і Комара мераў крымінальнай адказнасці, не звязаных з пазбаўленнем волі, прадугледжаных санкцыямі адпаведных артыкулаў Крымінальнага кодэкса.
Усё выкладзенае можа сведчыць аб непрапарцыйным пакаранні Мікіты Емяльянава і Івана Комара ў сувязі з іх поглядамі і перакананнямі.
У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця «палітычны вязень», палітычным зняволеным можа з’яўляцца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:
- пазбаўленне волі было ўжытае ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабодаў, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах;
- пазбаўленне волі было заснаванае на фальсіфікацыі доказаў усвядомленага правапарушэння альбо пры адсутнасці падзеі ці складу правапарушэння альбо яго здзяйсненні іншай асобай;
- працягласць ці ўмовы пазбаўлення волі відавочна непрапарцыйныя (неадэкватныя) правапарушэнню, у якім асоба падазраецца, абвінавачваецца ці была прызнаная вінаватай.
Лічым неабходным патрабаваць для Мікіты Емяльянава і Івана Комара неадкладнага перагляду прысуду пры захаванні права на справядлівае судовае разбіральніцтва і ліквідацыі пералічаных парушэнняў.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”
РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”
ПУ “Беларускі дакументацыйны цэнтр”
РГА “Прававая ініцыятыва”
Установа “Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве «Хьюман Канстанта»”
Праваабарончая ініцыятыўная група “Ідэнтычнасць і права”
Цэнтр прававой трансфармацыі “Lawtrend”
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава