Мінск, 21 студзеня 2020 г.

16 студзеня 2020 году Дзмітрый Казлоў, вядомы як блогер Шэры кот, у чарговы раз быў асуджаны судом Оршы на 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

На Дзмітрыя Казлова агулам склалі восем пратаколаў па арт. 23.34 КаАП (за ўдзел у акцыях і за распаўсюд заклікаў да ўдзелу ў іх), і яго чакае яшчэ адзін судовы працэс 27 студзеня ў судзе Ленінскага раёну Мінска.

Пазбаўленне волі Дзмітрыя Казлова па працягласці суадноснае з пакараннем у выглядзе арышту паводле Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Яшчэ 25 снежня 2019 году Дзмітрый Казлоў трапіў у ІЧУ Оршы на 15 сутак арышту за ўдзел у мірных сходах, якія адбываліся ў Мінску падчас парламенцкіх выбараў.

9 студзеня 2020 году на волю ён так і не выйшаў, бо ў той самы дзень суд Оршы і Аршанскага раёну пастанавіў пакараць яго наступным, другім запар 15-суткавым арыштам, гэтым разам за ўдзел у мінскіх акцыях супраць “паглыбленай інтэграцыі” 21 снежня 2019 году.

На наступны дзень, 10 студзеня 2020 году, яго зноў судзілі, цяпер за ўдзел у мінскіх пратэстах 20 снежня 2019 году. Пастанова суду – трэці арышт на 15 сутак.

13 студзеня 2020 году судовы канвеер працягваўся, і Дзмітрый Казлоў быў асуджаны на 15 сутак ужо чацвёрты раз – за заклікі ў сацыяльных сетках на сход у Мінску 29 снежня 2019 году.

20 студзеня блогер быў часова вызвалены з ІЧУ Оршы на час правядзення “дэзынфекцыі”. Ён паведаміў журналістам, што агулам быў асуджаны да 90 сутак адміністрацыйнага арышту.

Тактыка асуджэння грамадскіх актывістаў адразу на некалькі адміністрацыйных арыштаў запар і раней выкарыстоўвалася беларускімі ўладамі ў мэтах палітычна матыванага ціску. Так, актывіст Іван Амельчанка ў 2012 годзе адбываў 52 сутак адміністрацыйнага арышту ў ЦІП  Мінска запар.

Мы ў чарговы раз адзначаем, што такога кшталту практыка прымянення нормаў КаАП з’яўляецца заганнай, мае палітычна матываваны характар, ужываецца з мэтай аказання ціску і пакарання за грамадскую дзейнасць блогера Дзмітрыя Казлова.

Акрамя таго, мы адзначаем, што пазбаўленне волі Дзмітрыя Казлова па працягласці суадноснае з пакараннем у выглядзе арышту паводле Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Зняволенне Дзмітрыя Казлова выкарыстана выключна ў сувязі з рэалізацыяй ім свабоды мірных сходаў, выказвання меркаванняў і распаўсюду інфармацыі, гарантаваных як Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, так і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека – Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, у прыватнасці.

Нагадваем, што згодна з п. 3.1 Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, зацверджаным беларускай праваабарончай супольнасцю на ІІІ Праваабарончым форуме, пазбаўленне волі (у тым ліку і адміністрацыйны арышт) у сувязі з негвалтоўным ажыцяўленнем свабодаў, гарантаваных міжнароднымі нормамі права ў галіне правоў чалавека, з’яўляецца падставай для прызнання такой асобы палітычным зняволеным з патрабаваннем неакладнага вызвалення. Гэтыя патрабаванні ў поўнай меры датычацца ўсіх адміністрацыйна арыштаваных за удзел, арганізацыю мірных сходаў і заклікі да іх правядзення, пра што намі ўжо неаднаразова заяўлялася.

У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, выказваем пратэст палітычнаму пераследу і арышту блогера Дзмітрыя Казлова і патрабуем:

  • адмены вынесеных Дзмітрыю Казлову пастановаў суда Маскоўскага раёна г. Мінска ад 25 снежня 2019 г., а таксама суда г. Оршы і Аршанскага раёна ад  9, 10 і 13 студзеня 2020 г. і іншых судовы пастановаў, вынесеных у дачыненні да яго па арт. 23.34 КаАП;
  • спынення раней распачатых супраць Дзмітрыя Казлова адміністрацыйных працэсаў па арт. 23.34 КаАП;

Праваабрончы цэнтр “Вясна”;

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”;

ПУ “Беларускі дакументацыйны цэнтр”;

РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”;

РГА “Прававая ініцыятыва”;

Установа «Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практык і іх імплементацыі ў праве “Х’юман Канстанта”»;

Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Цэнтр прававой трансфармацыі “Lawtrend”;

Простае таварыства “Ініцыятыва Forb”;

ППУ “Офіс па правах людзей з інваліднасцю”;

Беларускі ПЭН-цэнтр.

Крыніца