Штогод, з 5 па 10 кастрычніка, праваабаронцы Беларусі ладзяць Тыдзень супраць смяротнага пакарання, прымеркаваўшы яго да Сусветнага дню барацьбы з гэтай бесчалавечнай карай. Сёлета кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” споўнілася 10 гадоў. У 2018 годзе кампанія была ўганараваная Прэміяй праваабарончай супольнасці ў намінаціі “Праваабарончая кампанія году”. Каардынатар кампаніі, праваабаронца Андрэй Палуда расказвае, ці дамаглася кампанія нейкіх вынікаў, у чым парадаксальнасць паводзінаў беларускай дзяржавы і як гэта – дзесяць гадоў працаваць над той самай тэмай – не самай лёгкай у эмацыйным аспекце.
– Чаму праблема смяротнага пакарання, дагэтуль не вырашаная, застаецца актуальнай і сёння?
– Штогод у Беларусі выносяць і выконваюць новыя смяротныя прысуды – нягледзячы на высілкі праваабаронцаў, журналістаў і актыўных грамадзян. Актуальнасць будзе трываць да тых часоў, пакуль, як найменей, не будзе ўведзены мараторый на смяротнае пакаранне – як першы крок да яго скасавання.
І вось яшчэ “разынка” сітуацыі: краіны Еўропы дагэтуль не могуць абвясціць, што Еўропа цалкам вольная ад смяротнага пакарання – праз адну-адзіную Беларусь, пакуль у Беларусі караюць смерцю.
Шмат разоў мы, праваабаронцы, казалі, што смяротнае пакаранне вельмі моцна ўплывае на грамадства Беларусі. Яно раскручвае спіраль нянавісці. Літаральна сёння я сустракаўся з маці аднога з асуджаных – Аляксандра Асіповіча, ён у камеры смяротнікаў цяпер – і яна сказала, што, напэўна, іх сям’я будзе з’яжджаць з Бабруйску, бо вельмі шмат агрэсіі: і суседзі, і нават у дзіцячым садку, усе папракаюць, што сын асуджаны да смяротнага пакарання, і стаўленне – вельмі негатыўнае да іх. Хаця, калі ён раней сядзеў у турме, гэта нікога не турбавала.
– Выходзіць, што смяротнае пакаранне замест выхаваўчай функцыі выконвае роўна адваротную?
– З “выхаваннем” такая дзіўная сітуацыя! Прадстаўнікі дзяржавы час ад часу кажуць, што смяротнае пакаранне – стрымліваючы фактар. Ну, калі гэта – стрымліваючы і выхаваўчы фактар, .чаму дзяржава не расстрэльвае публічна на Кастрычніцкай плошчы? Так можна “выхаваць” больш людзей? Але не ж! Дзяржава робіць роўна наадварот: ні месца на могілках не раскрывае, ні цела не выдае… Гэтая сакрэтнасць выглядае вельмі алагічна, калі сыходзіць з той рыторыкі, што часта можна пачуць ад прадстаўнікоў дзяржавы. Насамрэч варта сказаць, што цяжар пакарання не з’яўляецца стрымліваючым фактарам, а непазбежнасць пакарння – вось тое, што можа прымусіць чалавека задумацца, ці варта рабіць нешта супрацьпраўнае…
– На ўсіх міжнародных пляцоўках беларускія ўлады на пытанні, калі будзе скасавана смяротнае пакаранне, кажуць: “Мы працуем з грамадствам”. Ці робяць яны нешта насамрэч?
– Калі казаць аб працы з грамадствам, то з боку дзяржавы амаль нічога не робіцца.
– А ці дапамагла праца праваабаронцаў стварыць праблемы беларускім уладам на міжнародным узроўні праз тое, што ў Беларусі ёсць смяротнае пакаранне?
– Адразу скажу: мы не настроеныя ствараць праблемы дзяржаве. Вельмі часта нас і прадстаўнікі ўладаў успрымаюць як тых, хто супрацьстаіць дзяржаве. Але наша місія – зусім іншая. Наша місія – рабіць гэты свет хоць трошкі лепшым, наколькі ў нас атрымаецца. У тым ліку – расстаўляць сцяжкі, за якія – нельга; каб сама дзяржава не скатвалася да ўзроўню “дрэннага хлопца”. Мэта – не стварыць праблему, мэта – палепшыць сітуацыю, палепшыць паводзіны дзяржавы.
– І сёння пытанне смяротнага пакарання вельмі актуалізавана. На міжнародным узроўні яно заўжды знаходзіцца ў павестцы дня. Любая дэлегацыя, якая прыяжджае ў Беларусь, уздымае тэму смяротнага пакарання. Калі прадстаўнікі беларускай дзяржавы робяць міжнародныя візіты, яны шторазу чуюц пра смяротнае пакаранне ў Беларусі. Кожны вынесены смяротны прысуд, кожны выкананы прысуд – гэта абавязковая рэакцыя Еўразвязу. Натуральна, што гэта стварае пэўныя нязручнасці для прадстаўнікоў дзяржавы. Вось нядаўна міністр замежных справаў Уладзімір Макей ў інтэрв’ю незалежным СМІ таксама згадаў праблему смяротнага пакарання і тое, што міжнародныя партнеры увесь час ціснуць праз гэта на наш МЗС.
– Такая ўвага да праблемы – гэта заслуга праваабаронцаў Беларусі?
– Я лічу, што заслуга праваабаронцаў у гэтым ёсць. Калі мяне пытаюць, якія дасягненні вашай кампаніі, я адказваю: грамадства вельмі актыўна рэагуе, і тэма смяротнага пакарання грамадству цікавая – за гэта вялікі дзякуй у тым ліку і журналістам. Тэма неадназначная, эмацыйна складаная, і кожны артыкул у СМІ выклікае вялікую дыскусію. Ёсць тыя, хто супраць смяротнага пакарання, ёсць тыя, што за. І гэта вельмі важна для нас – бо дазваляе нашаму грамадству сталець. Вельмі важна, калі гучаць розныя аргументы, пытанні, ідзе абмеркаванне. Можна сказаць, што дыскусія ўплывае на фармаванне талерантнасці ў нашым грамадстве.
– Ці можна настолькі значныя пытанні аддаваць на рашэнне грамадства, ці павінна быць палітычная воля?
– Мы не раз казалі, што скасаванне смяротнага пакарання – гэта палітычная воля кіраўнікоў дзяржавы. Выпадкі, калі пытанне смяротнага пакарання вырашалася на рэферэндуме, нам не знаёмыя. Наш прэзідэнт увесь час кажа пра сябе, што ён – моцны лідэр. Дык калі ён – сапраўды моцны лідэр, хай ён мае моцы прымаць і не папулярныя ў грамадстве рашэнні – бо раней непапулярныя рашэнні на яго рэйтынгу ніяк не адбіваліся. Цяпер у Беларусі большасць выступае за смяротнае пакаранне. Але існуе такая з’ява: шмат у якіх краінах было зафіксавана, што пасля скасавання смяротнага пакарання грамадская думка мяняла накірунак. Колькасць людзей, якія падтрымлівалі смяротнае пакаранне, пасля яго скасавання пачынала рэзка змяншацца. Я больш чым упэўнены: калі б прэзідэнт скасаваў яго – дэкрэтам, законам, неістотна як – ніякіх пратэстных акцый не было б. Нават больш: я ўпэўнены, што для большасці скасаванне смяротнага пакарання прайшло б незаўважаным.
– Ці не апускаюцца рукі: шмат гадоў займацца праблемай, якая дагэтуль не вырашаная?
– Тэма складаная. Час ад часу адчуваецца нават не стомленасць, а безвыходнасць. Кожным новым кейсам мы займаемся са спадзевам, што гэта апошні кейс, з якога пачнецца новая старонка ў гісторыі нашай краіны, а смяротнае пакарнне стане часткай гісторыі. Але, нягледзячы на ўсю нашу дзейнасць унутры краіны і на міжнародным узроўні, на ўсе нашыя звароты ў Камітэт ААН па правах чалавека, сітуацыя застаецца па-ранейшаму складанай. Дарэчы, як прыклад, наш калега Леанід Судаленка нядаўна зрабіў агляд новых рашэнняў КПЧ, і там ёсць рашэнне па падрыхтаваным мной звароце: прызнана парушэнне права на жыццё Сяргея Іванова. Але пры гэтым, негледзячы на міжнародныя працэдуры, якія Рэспубліка Беларусь мусць прытрымлівацца і выконваць, Сяргей Іваноў не дачакаўся рашэння: ён быў расстраляны.
– Мае калегі, з якімі я займаюся гэтай праблемай, яны лідэры, моцныя асобы. Мы хацелі б давесці справу да канца. Калі можна так сказаць – быць пераможцамі ў вырашэнні гэта важнай праблемы.
– Мы ўпэўненыя ў тым, што скасаванне смяротнага пакарання вельмі моцна паўплывае на розныя аспекты жыцця нашага грамадства і нашай краіны цалкам.