When: Thursday, 13. September 2012
To: Sunday, 23. September 2012
Where: Vilnius
Contact: (eotp@eotp.info)
More info: eotp.info

Праект «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» можа дапамагчы з рэгістрацыяй і падрыхтоўкай да назірання. Для гэтага неабходна проста запоўніць электронную анкету.

Акрамя таго, можна самастойна зарэгістравацца назіральнікам. Для гэтага існуюць два асноўныя спосабы:

1. Найбольш просты спосаб рэгістрацыі ў якасці назіральніка — вылучэнне ад грамадзян шляхам збору подпісаў. Гэты метад забяспечвае поўную незалежнасць назіральніка. Гэта вельмі зручна, бо назіраць можна блізка да дому — на выбарчым участку, на якім звычайна галасуеш.

Адзінае абмежаванне: подпісы можна збіраць толькі ў грамадзян, якія пражываюць на тэрыторыі пэўнай выбарчай акругі, участку для галасавання – то бок, у сваіх суседзяў. Такі спосаб падыходзіць, калі хочаш назіраць на ўчастку, да якога прыпісаны.

Для таго каб стаць назіральнікам ад грамадзян, трэба:

А) Даведацца, да якой выбарчай акругі, участку для галасавання ты належыш.

Б) Скласці заяву аб накіраванні назіральніка на ўчастак для галасавання альбо спампаваць яе па гэтай спасылцы.

У заяве павінныя быць пазначаныя прозвішча, імя, імя па бацьку, дата нараджэння і месца жыхарства назіральніка, а таксама ўсіх, хто паставіў за цябе подпіс. Таксама важна пазначыць назву выбарчай камісіі або нумар участка для галасавання, дзе ты збіраешся сачыць за выбарамі.

В) Сабраць 10 подпісаў у сваіх суседзяў — людзей, якія таксама адносяцца да твайго выбарчага ўчастку.

Г) Зарэгістравацца ў якасці назіральніка на ўчастку шляхам прадастаўлення запоўненай і падпісанай заявы ў дзень, калі ідзеш назіраць, або ў любы іншы час да дня назірання. Заяву трэба прадставіць выбарчай камісіі, якая зарэгіструе цябе шляхам унясення ў журнал акрэдытацыі назіральнікаў. Не забудзься на пашпарт!

2. Можна таксама назіраць ад палітычнай партыі, грамадскага аб’яднання і працоўнага калектыву. Вылучэнне назіральніка ў такіх выпадках адбываецца па прыблізна аднолькавай схеме, таму яны аб’яднаны ў адну групу. Звярніся ў сваю арганізацыю або партыю, там мусяць ведаць падрабязнасці і тонкасці вылучэння назіральнікаў.

Каб зарэгістравацца ад партыі, грамадскага аб’яднання, працоўнага калектыву, трэба:

А) Звярнуцца да кiруючага органа палітычнай партыі, арганізацыі (або яе арганізацыйнай структуры), сходу (канферэнцыi) працоўнага калектыву арганізацыі, якія павінныя прыняць адпаведнае рашэнне аб накіраванні цябе ў якасці назіральніка.

Б) Кіруючы орган палiтычнай партыi, арганізацыі, сходу працоўнага калектыву павінны правесці пасяджэнне, падчас якога мусіць быць складзены пратакол пасяджэння аб накіраванні назіральніка або пратакол сходу (канферэнцыi) у выпадку з працоўным калектывам.

У пратаколе (выпісцы з пратаколу) пазначаюцца назва, адрас і нумар тэлефону палітычнай партыі, грамадскага аб’яднання, арганізацыі, колькасць членаў кіруючага органа і колькасць прысутных на пасяджэнні, колькасць членаў працоўнага калектыву арганізацыі (абраных на канферэнцыю дэлегатаў), дата прыняцця рашэння, прозвiшча, імя, імя па бацьку і дата нараджэння назіральніка, ягонае месца жыхарства, назва выбарчай камісіі або нумар участку для галасавання, куды ён накіроўваецца.

В) Зарэгістравацца ў якасці назіральніка на ўчастку шляхам прадастаўлення запоўненага і падпісанага бланка у дзень, калі ты ідзеш назіраць, ці ў любы іншы час да дня назірання. Бланк трэба прадставіць выбарчай камісіі, якая зарэгіструе цябе шляхам унясення ў журнал акрэдытацыі назіральнікаў. Не забудзься на пашпарт!

Істотна!

Галоўнае адрозненне двух механізмаў вылучэння назіральніка палягае ў тваім месцы жыхарства. Пры вылучэнні шляхам збору подпісаў грамадзян ты мусіш пражываць на тэрыторыі таго самага выбарчага ўчастку, што і 10 чалавек, якія вылучаюць цябе на ролю назіральніка.

У выпадку, калі ты вылучаешся ад палітычнай партыі, грамадскага аб’яднання, ты можаш пражываць у любым рэгіёне, незалежна ад таго, дзе збіраешся назіраць. Для таго каб стаць назіральнікам ад палітычнай партыі ці грамадскага аб’яднання, не трэба ўступаць у гэтыя арганізацыі.

Праект «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» можа дапамагчы вам зарэгістравацца і падрыхтавацца, для гэтага проста напішыце на eotp@eotp.info.