Таццяна Рэвяка звярнула ўвагу на праблемы ціску на адвакатаў і палітычна матываванага пераследу розных групаў грамадзянскай супольнасці ў Беларусі падчас сайд-івэнту “Небяспека гаварыць – апошнія тэндэнцыі на пост-савецкай прасторы”, арганізаванага IPHR (Міжнароднае партнёрства па правах чалавека). У мерапрыемстве ўзялі ўдзел праваабаронцы з Беларусі, Малдовы, Казахстана, Кыргызстана і Арменіі.
У сваім выступе Таццяна Рэвяка прадставіла «хроніку бягучых падзеяў» у Беларусі. Яна распавяла, што на пачатку тыдня суд адмовіў у задавальненні пазову 12 беларускіх праваабаронцаў з патрабаваннем абавязаць МУС краіны скараціць тэрмін высылкі з краіны кіраўніцы Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend Алены Танкачовай. Таксама праваабаронца адзначыла, што тыдзень таму Міністэрства юстыцыі пазбавіла ліцэнзіі адвакатку Ганну Бахціну, якая абараняла абвінавачаных па палітычна матываваных справах і справах, звязаных з абаронай правоў чалавека. Таццяна Рэвяка ў сваім выступе гаварыла таксама пра палітычна матываваны крымінальны пераслед прадстаўнікоў незалежнага прафсаюза РЭП і наяўнасць трох палітычных вязняў – прадстаўніка незалежнага прафсаюза Ігара Комліка, сацыяльнага актывіста Дзмітрыя Паліенку і актывіста праваабарончай арганізацыі Міхаіла Жамчужнага. Таксама ў выступе былі згаданыя масавыя пратэсты ў першай палове бягучага году на фоне пагаршэння эканамічнай сітуацыі, якія пацягнулі за сабой узмацненне рэпрэсій супраць актывістаў, праваабаронцаў і журналістаў.
“Сёлета споўнілася шэсць гадоў з моманту апублікавання дакладу, падрыхтаванага Дакладчыкам АБСЕ па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў рамках Маскоўскага механізму. Гэты даклад складаўся не толькі з якаснага аналізу крызісу ў сферы правоў чалавека, які пачаўся ў канцы 2010 года, але і ўтрымліваў шэраг найважнейшых рэкамендацый па выхадзе з крызісу і скіраваных на сістэмныя змены, якія гарантавалі б немагчымасць паўтарэння падобных крызісных сітуацый, – нагадала ўдзельнікам сайд-івенту Таццяна Рэвяка. – На жаль, большасць рэкамендацый, як кароткатэрміновых, так і скіраваных на сістэмныя змены, засталіся нявыкананымі. Цалкам захаваныя ўсе рэпрэсіўныя інструменты, якія прыводзяцца ў дзеянне ў моманты палітычнай мэтазгоднасці”.
Праваабаронца заўважыла, што мерапрыемтсва выклікала вялікую цікавасць публікі. Яго наведалі нават прадстаўнікі афіцыйных дэлегацый Арменіі і Кыргызстану, якія спрабавалі парыраваць выступы панэлістаў.
Прэзідэнт Беларускага ДПЧ імя Б.Звозскава адзначыла, што ўсе праблемы, пра якія казалі калегі з іншых краінаў, актуальныя і для Беларусі.“Яўген Жоўціс з Казахстанскага міжнароднага бюро па правах чалавека і захаванні законнасці ў сваім выступе казаў пра такую тэндэнцыю: у краінах, дзе адсутнічае палітычная апазіцыя (знішчаная, маргіналізаваная ці не паспела сфармавацца), удар улады накіроўваюць на грамадзянскую супольнасць – грамадскіх актывістаў, праваабаронцаў, журналістаў, блогераў, незалежныя прафсаюзы. Як бачым, гэта падыходзіць і для Беларусі”, – кажа Таццяна Рэвяка.
“Таксама высветлілася, што апошнім часам у Арменіі і Малдове вельмі ўзмацніўся ціск на адвакатаў, якія абараняюць асобаў па палітычна матываваных справах і справах, датычных правоў чалавека. Там няма выпадкаў пазбаўлення ліцэнзій, што мы назіраем у Беларусі, але ў Малдове даходзіць нават да ўзбуджэння крымінальных справаў супраць адвакатаў. Агульная тэндэнцыя ў гэтых краінах – атаясамленне адвакатаў з іх падабароннымі”.
Артыкулы па тэме