Іншыя два фігуранты той жа справы асуджаныя на доўгія тэрміны зняволення: на 24 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і на 22 гады і адзін месяц калоніі строгага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Прысуд можа быць абскарджаны ў Вярхоўным судзе Беларусі.
Нагадаем, зараз да расстрэлу ў Беларусі прысуджаныя яшчэ двое чалавек. Раней у гэтым годзе быў расстраляны 33-гадовы гамяльчанін Сяргей Вострыкаў.
З 1990 года да вышэйшай меры ў Беларусі было прысуджана больш за 400 чалавек, за ўвесь гэты час смяротнае пакаранне было заменена турэмным тэрмінам толькі аднаму асуджанаму.
Генсакратар Савета Еўропы і ЕС заклікалі Беларусь неадкладна ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне
Генеральны сакратар Савета Еўропы Турб’ёрн Ягланд глыбока занепакоены вынясеннем двух новых смяротных прысудаў у Беларусі.
«Я ізноў выказваю нашае расчараванне і смутак з нагоды таго, што Беларусь працягвае ўжываць гэтую нечалавечую і несправядлівую меру, якая цалкам супярэчыць еўрапейскім каштоўнасцям, – сказаў Торб’ёрн Ягланд. – Пакаранне смерцю застаецца асноўнай перашкодай для далучэння Беларусі да Савета Еўропы. Я заклікаю ўлады Беларусі тэрмінова ўстанавіць мараторый на прымяненне вышэйшай меры пакарання ў якасці першага кроку да яе поўнай забароны».
Прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Мая Качыянчыч заявіла, што Еўрасаюз выступае катэгарычна супраць прымянення смяротнага пакарання. У заяве, размешчанай на сайце ЕСЗД, яна падкрэсліла, што прымяненне смяротнага пакарання ідзе насуперак заяўленай гатоўнасці Беларусі супрацоўнічаць з міжнароднай супольнасцю.
«Смяротнае пакаранне парушае права на жыццё і з’яўляецца самым жорсткім, бесчалавечным і прыніжаючым годнасць пакараннем, – сказала Качыянчыч. – Еўрасаюз працягвае падымаць гэтыя пытанні з беларускімі ўладамі на ўсіх узроўнях, у тым ліку на ўчорашнім дыялогу па правах чалавека ў Бруселі».
Спецдакладчыкі ПАСЕ: Адмена смяротнага пакарання – пытанне палітычнай волі
У сумеснай заяве спецдакладчыкаў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы па адмене смяротнага пакарання Іва Круштана і па сітуацыі ў Беларусі Андрэа Рыгоні асуджаюцца два новыя смяротныя прысуды, вынесеныя ў Беларусі.
“Прыйшоў час гэта спыніць, — гаворыцца ў заяве. — Парламенцкая асамблея зноў і зноў пацвярджае сваё абсалютнае непрыняцце смяротнага пакарання, якое разглядае як акт катаванняў і бесчалавечнага абыходжання, што зневажае годнасць, і, бясспрэчна, як самае сур’ёзнае з усіх парушэнняў правоў чалавека”.
Спецдакладчыкі падкрэсліваюць, што барацьба за адмену смяротнага пакарання “няўмольная і скончыцца толькі тады, калі смяротнае пакаранне будзе адмененае раз і назаўсёды на кантыненце і ў іншых частках свету”.
“Мы яшчэ раз заклікаем беларускія ўлады далучыцца да еўрапейскай сям’і абаліцыяністаў, увёўшы ў тэрміновым парадку мараторый на смяротную кару. Нішто ў Канстытуцыі або заканадаўстве Беларусі не перашкаджае прэзідэнту Лукашэнку ці парламенту зрабіць гэты крок”, — гаворыцца ў заяве.
Артыкулы па тэме