Падчас паседжання спецдакладчык прадставіў свой чацверты даклад.
“З моманту ўвядзення мандата Спецыяльнага дакладчыка аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі пасля жорсткага падаўлення пратэстаў у снежні 2010 года дэспатычны характар рэжыму ў Беларусі не зазнаў зменаў”, — заявіў ён.
Міклаш Харасці адзначыў, што парушэнні працягваліся нават пасля заканчэння працы над дакладам і яго прадстаўлення ў красавіку гэтага года.
“У Беларусі выраслі некалькі пакаленняў людзей, якія не ведаюць, што насамрэч азначаюць, або не маюць практычнага досведу карыстання такімі словамі, як “плюралізм”, “свабода мастацкай творчасці”, “свабода сродкаў масавай інфармацыі”, “правы працоўных” і “свабоднае прадпрымальніцтва”, — сказаў спецыяльны дакладчык ААН.
“Мае высновы падкрэсліваюць, што неабходна падтрымліваць цяперашні ўзровень кантролю з боку Арганізацыі Аб’яднаных Нацый за выкананнем Беларуссю сваіх абавязальніцтваў у галіне правоў чалавека, асабліва ў святле маючых адбыцца парламенцкіх выбараў. Я зноў звяртаюся з заклікам да ўладаў узаемадзейнічаць з мандатам”, — падвынікаваў ён.
Сп. Харасці завяршыў свой выступ, аддаўшы належнае арганізацыям грамадзянскай супольнасці і беларускім праваабаронцам, якія, “на шчасце, не здаюцца і працягваюць працаваць у Беларусі, нягледзячы на часта рэпрэсіўнае асяроддзе”.
У сваю чаргу афіцыйны прадстаўнік Беларусі заявіў, што даклад спецдакладчыка ААН “не адлюстроўвае рэаліі Беларусі бесстаронне і аб’ектыўна”.
“Беларусь адказна працуе са структурамі ў галіне правоў чалавека ў рамках Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Наша краіна двойчы прайшла працэдуру УПА, у 2010 і 2015 гадах. У цяперашні час наш урад прымае першы нацыянальны план дзеянняў краіны па рэалізацыі рэкамендацый УПА і дамоўных органаў ААН, ідэя якога з’явілася пасля сустрэчы прэзідэнта Лукашэнкі з Вярхоўным камісарам па правах чалавека ААН восенню мінулага года. Гэтая праца праводзіцца сумесна з НДА”, – зазначыў ён.
“Мы працягваем двухбаковыя кансультацы з ЗША і Еўрапейскім саюзам. Няма ніякіх праблемаў, якія б Беларусь не была гатовая абмяркоўваць, у тым ліку смяротнае пакаранне і выбарчае заканадаўства”, – падкрэсліў афіцыйны прадстаўнік краіны.
Таксама ён сказаў, што мандат спецдакладчыка павінен быць “адменены праз непатрэбнасць”.
Нагадаем, мандат Спецыяльнага дакладчыка ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі быў уведзены ў 2012 годзе ў сувязі з масавымі рэпрэсіямі ў краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. У адказ урад Беларусі заявіў, што не прызнае мандат спецдакладчыка і не будзе з ім узаемадзейнічаць.
Праваабаронцы заклікаюць працягнуць мандат
Amnesty International заклікае сябраў Савета па правах чалавека ААН падтрымаць падаўжэнне мандата спецыяльнага дакладчыка ААН па пытанні аб сітуацыі ў Беларусі. У заяве праваабарончай арганізацыі сказана наступнае:
“Вызваленне некалькіх зняволеных, асуджаных у выніку палітычна матываваных судовых працэсаў, якое адбылося ў 2015 годзе, і роля Беларусі ў правядзенні пасрэдніцкіх перамоваў па канфлікце на ўсходзе Украіны прывялі да паляпшэння адносінаў паміж Беларуссю і міжнароднай супольнасцю. Сярод такіх захадаў было прыпыненне шматгадовых санкцыі ЕС супраць высокапастаўленых службовыя асобаў Беларусі, за выключэннем чатырох супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, якія, як мяркуецца, звязаныя з гвалтоўнымі знікненнямі палітычных актывістаў у 1999 і 2000 гадах.
Такое развіццё падзей не павінна засланіць жахлівую сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, дзе па-ранейшаму захоўваецца смяротнае пакаранне і смяротныя прысуды прыводзяцца ў выкананне. Правы на свабоду мірных сходаў, асацыяцыі і выказвання меркавання жорстка абмежаваныя на заканадаўчым узроўні, што перашкаджае нават мінімальнаму ажыццяўленню гэтых асноўных правоў. Кантроль над грамадствам з боку дзяржавы з’яўляецца ключавым элементам у намаганнях уладаў пераследваць і запалохваць грамадзянскую супольнасць і незалежныя сродкі масавай інфармацыі, і выкарыстоўваецца дзеля стварэння перашкодаў у ажыццяўленні імі сваёй законнай дзейнасці. Прадстаўнікі ЛГБТІ-меншасцяў сутыкаюцца з штодзённай дыскрымінацыяй”.
Таксама аўтары заявы згадалі, што ў 2016 годзе ў Беларусі да вышэйшай меры пакарання былі асуджаныя тры чалавекі; яшчэ адзін, Сяргей Іваноў, быў расстраляны ў ноч на 18 траўня. Сяргей Іваноў быў расстраляны нягледзячы на той факт, што Камітэт па правах чалавека ААН звярнуўся з просьбай аб адтэрміноўцы выканання пакарання на час разгляду яго справы, што з’яўляецца парушэннем абавязальніцтваў Беларусі ў рамках Першага факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП). Гэта ўжо восьмы выпадак пачынаючы з 2010 года, калі ў Беларусі расстрэльваюць чалавека, чыя справа знаходзіцца на разглядзе ў Камітэце па правах чалавека ААН.
“У святле вышэй сказанага і нягледзячы на палітычныя змены з боку міжнароднай супольнасці ў дачыненні да Беларусі, фактам застаецца тое, што асноўныя правы чалавека і асноўныя свабоды сістэматычна парушаюцца з боку беларускіх уладаў. Праваабарончая супольнасць павінна прыкласці усе свае намаганні, каб абараніць правы беларускага народа. Роля спецыяльнага дакладчыка ў сувязі з гэтым мае вырашальнае значэнне для забеспячэння строгага кантролю i справаздачнасцi па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, што мае важнае значэнне для забеспячэння гарантыяў адказнасці за парушэнні правоў чалавека”, – гаворыцца ў заяве.
Артыкулы па тэме