24 траўня 2015 г. Леанід Судаленка на аўтамашыне вяртаўся ў Беларусь з літоўскай сталіцы, дзе прымаў удзел у форуме некамерцыйнага права. На памежным пераходзе “Каменны Лог” яму без тлумачэньня прычынаў учынілі асабісты агляд, паглыбленую праверку аўтамабіля і багажу. Праваабаронца не пагадзіўся з адвольнай канфіскацыяй ноутбука і зьвярнуўся ў Ашмянскі раённы суд са скаргай, бо лічыў гэта абмежаваннем ягонага права на свабоду атрымання, захоўвання і распаўсюду інфармацыі. Кампутар і друкаваную прадукцыю мытня вярнула пасля экспертызы, не выявіўшы ў іх нічога экстрэмісцкага, але праваабаронца вырашыў змагацца за свае правы да канца. “Адабранне на дзяржаўнай мяжы ноутбука інакш як дзікунствам назваць нельга. Менавіта аб гэтым я казаў мытнікам, прапаноўваў забраць у мяне яшчэ і мабільны тэлефон, бо мая мадэль выконвае тыя ж функцыі кампутара”, – успамінае прыгоды на дзяржаўнай мяжы праваабаронца.
“На дадзены момант у Камітэце ААН па правах чалавека зарэгістравана дастатковая колькасць беларускіх спраў аб парушэнні правоў на захоўванне і распаўсюд інфармацыі. Каментуючы гэтыя скаргі, беларускі Урад на міжнароднай арэне ўжо шмат гадоў паўтарае адно і тое ж – маўляў заяўнікі не звярталіся да пракурора. Па сваёй справе я вырашыў адбіць гэты апошні аргумент чыноўнікаў з МЗС, хаця гэта, паўтараюся, не з’яўляецца абавязковым. Паглядзім, што потым яны яшчэ прыдумаюць”, – падкрэсліў абаронца правоў.
Трэба адзначыць, па скарзе Леаніда Судаленкі Камітэт ААН па правах чалавека раней разглядаў справу супраць Ашмянскіх мытнікаў (справа №2114/2011), калі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 году ў тым жа пункце пропуску “Каменны Лог” мытнікі канфіскавалі дзесяць асобнікаў Інструкцыі для кароткачасовых назіральнікаў. Тады міжнародныя эксперты прызналі дзеянні мытнікаў не адпавядаючымі міжнародным дамоўленнасцям краіны і заклікалі Урад Беларусі не паўтараць падобных парушэнняў у будычыні.
Артыкулы па тэме