Пра гэта прадстаўнікам кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” распавяла маці Хмялеўскіх Рыта Анатольеўна. З яе слоў, Аляксей, які ўтрымліваецца ў папраўчай калоніі ў пасёлку Навасады Барысаўскага раёна, рыхтаваўся да пераводу на вольнае пасяленне для далейшага адбыцця пакарання. Але пасля таго, як яе старэйшага сына прысудзілі да смерці, на адрас Аляксея пасыпаліся абвінавачванні, што і ён «будзе такім жа», якія ставяць пад сумнеў яго перавод на больш мяккі рэжым.
Усё гэта жанчына даведалася днямі з тэлефоннай размовы з сынам.
«Ёсць там у іх маёр Фёдараў. Пасля таго, як вынеслі такі прысуд майму старэйшаму сыну, ён стаў казаць Лёшу, што «будзеш сядзець да канца, таму што твой брат нарабіў такое і ты тое ж самае наробіш». Сын кажа, што гэты маёр пастаянна яго папракае, праходу не дае – маўляў, з табой будзе тое ж самае, і ты такі ж будзеш… Але пры чым тут ён?», – з перажываннем распавядае Рыта Анатольеўна.
Таксама яна адзначыла, што ўдакладніла ў Аляксея, якую пасаду ў калоніі займае маёр Фёдараў: «Лёша кажа, што гэта не самы галоўны турмы». Паводле яе слоў, сын і папрасіў надаць агалосцы гэты факт з тым, каб пра дзеянні Фёдарава даведалася начальства ПК-14.
Канферэнцыя па пытаннях смяротнага пакаранне – ці будзе вынік?
Тым часам 10 сакавіка ў Мінску прайшла міжнародная канферэнцыя па пытаннях смяротнага пакарання ў Беларусі. Мерапрыемства было арганізаванае прадстаўніцтвам ААН у Беларусі пры фінансавай падтрымцы пасольства Вялікабрытаніі. Сярод удзельнікаў мерапрыемства — спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы па сітуацыі ў Беларусі Андрэа Рыгоні, старшыня камітэта па замежных справах Палаты дэпутатаў Чэхіі Карал Шварцэнберг, пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Фіёна Гіб, прадстаўнік ПРААН у Беларусі Санака Самарасінха і шэраг замежных экспертаў.
Спецыяльны прадстаўнік Еўрасаюза па правах чалавека Стаўрас Ламбрынідзіс выказаў спадзеў, што Беларусь найбліжэйшым часам апынецца ў ліку краін, якія ўвялі мараторый або зусім адмовіліся ад прымянення выключнай меры пакарання.
“На сёння большасць краін у свеце ўжо адмянілі смяротнае пакаранне, — заявіў Ламбрынідзіс. — Паглядзіце на лічбы: у 1965 годзе такіх дзяржаў было 9, у 1978-м — 16, у 2016 годзе іх больш за 150. Аднак па-ранейшаму актуальным пытаннем застаецца, чаму Беларусь прымяняе смяротную кару. Бо астатнія 28 краін у Еўропе адмовіліся ад выключнай меры пакарання”.
На думку спецпрадстаўніка ЕС, у пытанні адмены смяротнага пакарання не можа быць палітычных ці культурных асаблівасцяў, на якія спасылаюцца некаторыя прыхільнікі выключнай меры пакарання. Ён прывёў у прыклад ЗША і Іран — шмат у чым розныя краіны, але пакаранне смерцю прымяняецца і там, і там.
“Я разумею гнеў людзей, якія кажуць, якога яшчэ пакарання заслугоўвае той, хто забіў або згвалціў маленькае дзіця. Добра, пакінем пытанне годнасці злачынца. Але я хачу спытаць, што ж з нашай годнасцю? Я не дазволю забойцу ператварыць мяне ў забойцу. Абавязацельства цывілізаваных краін — быць вышэй за помсту і прынцып “вока за вока”, — лічыць Ламбрынідзіс.
Між тым намеснік міністра замежных спраў Беларусі Валянцін Рыбакоў заявіў на канферэнцыі, што большасць насельніцтва краіны па-ранейшаму падтрымлівае захаванне смяротнага пакарання.
“Як усім нам добра вядома, большасць беларускіх грамадзян на рэферэндуме 1996 года выказалася за захаванне смяротнага пакарання. І неаднаразовыя сацыялагічныя апытанні, якія праводзіліся, сведчаць пра тое, што смяротнае пакаранне па-ранейшаму па-рознаму ўспрымаецца ў грамадстве і па-ранейшаму маецца большасць прыхільнікаў яго захавання. Намі гэты факт ігнаравацца не можа і не будзе, у тым ліку і ў кантэксце нашага дыялогу з нашымі вельмішаноўнымі еўрапейскімі партнёрамі”, — сказаў Рыбакоў.
Артыкулы па тэме