АДКРЫТЫ ЗВАРОТ

Мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, зыходзячы з зацікаўленасці ў развіцці беларуска-еўрапейскіх адносін і ўмацавання і абарон правоў чалавека ў нашай краіне,заклікаем дзяржаву ўжо ў бліжэйшы час прыняць наступныя меры аднаўленчага характару, якія не патрабуюць унясення зменаў у заканадаўства:

1. Спыніць палітычна матываваныя крымінальныя справы ў дачыненні да журналіста Аляксандра Алесіна, графіцістаў Максіма Пякарскага, Вадзіма Жаромскага, Вячаслава Касінерава і Яраслава Ульяненкава, палітыка Алеся Міхалевіча, а таксама перагледзець у адкрытым судовым працэсе крымінальную справу ў дачыненні да Міхаіла Жамчужнага (заснавальніка праваабарончай арганізацыі «Платформа інавейшэн»). Зняць судзімасці для аднаўлення грамадзянскіх і палітычных правоў у дачыненні да былых палітвязняў.

2. Зняць забарону на ўезд у краіну беларускай праваабаронцы Алене Танкачовай, а таксама гарантаваць бяспечныя ўмовы вяртання ў Беларусь асоб, якія вымушана пакінулі краіну ў выніку палітычных пераследаў.

3. Зарэгістраваць Праваабарончы цэнтр “Вясна” і іншыя некамерцыйныя арганізацыі, якія звярнуліся за рэгістрацыяй.

4. Спыніць пераслед журналістаў «Белсат» і «Беларускае радыё «Рацыя», іншых журналістаў, матэрыялы якіх з’яўляюцца ў замежных СМІ, і не перашкаджаць ажыццяўленню іх прафесійнай дзейнасці ў краіне.

5. Увесці мараторый на выкананне смяротных прысудаў.

На заканадаўчым узроўні для паляпшэння сітуацыі ў галіне правоў чалавека неабходна:

– Адмяніць артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама забарону на дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый;

– Пачаць планамерную працу па прывядзенні заканадаўства Рэспублікі Беларусь у сферы правоў чалавека ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі.

Лічым важным наладзіць дыялог у гэтай сферы паміж дзяржаўнымі інстытутамі і праваабарончымі арганізацыямі і распрацаваць Нацыянальны план па правах чалавека і грамадзянскай супольнасці ў цесным узаемадзеянні дзяржавы і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Алесь Бяляцкі, старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна”

Алег Гулак, старшыня РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт»

Андрэй Бастунец, старшыня ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»

Алена Танкачова, старшыня Праўлення «Цэнтра прававой трансфармацыі»

Раіса Міхайлоўская, старшыня «Беларускага дакументацыйнага цэнтра»

Іна Кулей, старшыня Камітэту дапамогі рэпрэсаваным «Салідарнасць»

Таццяна Рэвяка, прэзідэнт Беларускага Дома правоў чалавека ім. Барыса Звозскава

Артыкулы па тэме

Беларускія праваабаронцы заявілі пра новага палітвязня ў краіне

Спецыяльным дакладчыкам ААН паведамілі аб факце ціску на праваабаронцаў і журналістаў

Ціск на праваабаронцу Леаніда Судаленку – мытня ўжо была, цяпер чарга падатковай