Кніга «Няскораны Марыніч» месціць у сабе апошнія развагі і мноства фотаздымкаў з уласнага архіва Міхаіла Марыніча  – беларускага палітыка, дыпламата, а пазней і палітвязня. Як прызнаўся аўтар, Аляксандр Тамковіч, меркавалася, што кніга будзе выдаденая да 75-годдзя Марыніча, які нават пачаў распрацоўваць руку пасля другога інсульта для таго, каб падпісваць асобнікі. Аднак склалася так, што 17-ая кніга Аляксандра Тамковіча была прэзентаваная без галоўнага героя.

Аляксандр Тамковіч – журналіст, аўтар шэрага кніг пра значныя палітычныя падзеі Беларусі ды іх уплыў на лёсы людзей – палітвязняў, грамадскіх актывістаў, праваабаронцаў. “Тамковіч – гэта летапісец беларускага сучаснага грамадскага жыцця і дэмакратычнага супраціву”, – адзначыў падчас прэзентацыі беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі.

Кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі распавёў пра Міхаіла Марыніча, якога ён памятае па працы ў Мінскім гарадскім савеце, як пра сапраўды незломнага чалавека.

«У пачатку 90-х гадоў перад такімі людзьмі паўстала неабходнасць вызначыцца – адны пайшлі служыць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, а Міхаіл Марыніч бачыў іншы шлях развіцця Беларусі. У ён ў 2001 годзе паспрабаваў ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі, а ў 2004-м ўлады яго арыштавалі і па надуманай падставе пасадзілі ў турму. Міхаіл Марыніч выступіў супраць улады ў жорсткі час: гэты час знікнення палітыкаў (1999-2001 гады), час разгону дэмакратычных структур (2003-2004 гады, калі былі зачыненыя некалькі сотняў грамадскіх арганізацый). Улады жорстка адпомсцілі і Марынічу ў 2004-м. Яго пратрымалі 2 гады ў зняволенні, фактычна зламаўшы яму здароўе: у турме ён перанёс інсульт. Міхаіл Марыніч так і не падпісаў прашэнне аб памілаванні і выйшаў на волю пасля «прэзідэнцкіх выбараў» 2006 года з ужо надламаным здароўем, але ён і далей працягваў займацца палітычнай барацьбой. Магу сказаць, што ён сапраўды адпавядае назве кнігі. Такім ён і застаўся ў гісторыі Беларусі – няскораным і нязломным»,- сказаў Алесь Бяляцкі.

Успамінамі пра характар, спадзяванні і ідэалы свайго бацькі падзяліўся з прысутнымі і Павел Марыніч: «Выбар бацькі быў свядомым, ён бачыў, што пад кіраўніцтвам Лукашэнкі Беларусь ператвараецца ў краіну-ізгоя. Ён разумеў, што яго чакае і заставаўся верным сваім ідэалам, але шчыра верыў, што дажыве да таго дня, калі дыктатура рухне і Беларусь стане свабоднай».

Кніга «Няскораны Марыніч» паказвае не проста лёс палітыка і дыпламата Міхаіла Марыніча, але і тыя падзеі ў гісторыі Беларусі, што на гэты лёс паўплывалі. «Многім дыпламатам, якія толькі пачынаюць працаваць з Беларуссю і ў Беларусі, трэба абавязкова чытаць такія кнігі, каб ведаць, праз што прайшла наша краіна разам з такімі людзьмі, як Міхаіл Марыніч», – адзначыла Таццяна Равяка, прэзідэнт Беларускага ДПЧ.

 ***

Міхаіл Марыніч быў паслом у Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі, займаў пасаду міністра знешніх эканамічных сувязяў, аднак пасля пераходу ў апазіцыю ён трапіў за краты. Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў Міхаіла Марыніча ахвярай палітычных рэпрэсіяў, а суд над ім – несправядлівым. Міхаіл Марыніч памёр 17 кастрычніка 2014 года.

Артыкулы па тэме

Беларускія назіральнікі пра выбары: несвабодныя, непразрыстыя і недэмакратычныя

«Забойства па прысудзе …» – у Вільні прайшла дыскусія на тэму смяротнага пакарання

Праваабаронцы вітаюць вызваленне палітвязняў і заклікаюць да далейшага паляпшэння сітуацыі