Іван Кулеш быў прызнаны вінаватым у трох забойствах, крадзяжы, рабаванні і спробе яшчэ аднаго забойства. Змякчальнымі фактамі былі прызнаныя наяўнасць малалетняга дзіцяці ў Івана Кулеша, яго асабістае прызнанне ў здзяйсненні злачынстваў і яўка з павіннай. Да абцяжарвальных фактараў былі залічаны п’яны стан Кулеша ў час злачынстваў і яго ранейшыя злачынствы. Ранейшыя псіхічныя адхіленні Івана Кулеша судом не былі ўлічаны, паколькі адмысловая экспертыза прызнала, што на момант забойства Кулеш не быў у стане афекта і разумеў, што робіць. Некаторыя нестыкоўкі паказанняў падсуднага з матэрыяламі следства былі аднесены да таго, што ў момант здзяйснення злачынства Кулеш быў п’яны і злачынствы адбыліся досыць даўно.
Нагадаем, што судовы працэс па гэтай справе распачаўся 14-га верасня. Абвінавачваемы 28-гадовы Іван Кулеш выхаванец дзіцячага дому, жыў без сям’і, скончыў усяго 9 класаў школы. У 18 год быў асуджаны першы раз за крадзёж. У 2014-м годзе яго абвінавачвалі ў непраўдзівым даносе і крадзяжы. Іван Кулеш афіцыйна нідзе не працаваў. Зарабляў зборам грыбоў і ягад і іншымі часовымі падзаробкамі. Жыў у вёсцы Сялец Лідскага раёну, хоць і прапісаны ў Баранавіцкім раёне. Мае малалетняе дзіця.
Еўразвяз: Смяротнае пакаранне – гэта бесчалавечна
Знешнепалітычная служба Еўразвязу апублікавала заяву па смяротным пакаранні ў Беларусі, у якой выказала занепакоенасць з нагоды вынясенне чарговага смяротнага прысуда ў Беларусі і нагадала ўладам аб бесчалавечнасці гэтай меры пакарання. “Сп. Кулеш быў асуджаны за сур’ёзныя злачынствы, і мы выказваем нашыя глыбокія спачуванні сям’і і сябрам ахвяры гэтых злачынстваў. Тым не менш, Еўрапейскі саюз выступае супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках, паколькі яно не можа быць апраўдана ні пры якіх абставінах. Смяротнае пакаранне з’яўляецца жорсткім і бесчалавечным пакараннем, якое не дзейнічае ў якасці стрымліваючага фактару і ўяўляе сабой непрымальнае адмаўленне чалавечай годнасці і недатыкальнасці.
Еўрапейскі саюз заклікае Беларусь, адзіную краіну ў Еўропе, якая да гэтага часу ўжывае смяротнае пакаранне, далучыцца да глабальнага мараторыя на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку да яго адмены”, – паведамляецца ў заяве.
Amnesty International заклікае адмяніць прысуд і спыніць запланаваныя пакаранні
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International у сваю чаргу распаўсюдзіла паведамленне, у якім заклікае дамагацца адмены смяротнага прысуда Івану Куляшу.
Amnesty International заклікае:
– Неадкладна напісаць зварот да Прэзідэнта, настойліва заклікаючы Аляксандра Лукашэнку спыніць любыя запланаваныя пакаранні і неадкладна адмяніць смяротны прысуд вынесены Івану Кулешу і ўсім астатнім асуджаным да смерці ў Беларусі.
– Заклікаць Прэзідэнта ўвесці неадкладны мараторый на прымяненне смяротнай кары з мэтай яе адмены.
– Падкрэсліць, што мы не імкнемся пераменшыць сур’ёзнасць злачынства, у якім Іван Кулеш быў асуджаны, але смяротнае пакаранне само па сабе ёсць злачынства.
***
На еўрапейскай прасторы Беларусь застаецца апошняй краінай, дзе ўсё яшчэ практыкуецца смяротнае пакаранне. У Беларусі смяротны прысуд прыводзіцца ў выкананне спецыяльнай камандай супрацоўнікаў МУС у СІЗА № 1 горада Мінска шляхам расстрэлу. Як і ў савецкія часы, пра дату і час пакарання не паведамляецца, цела сваякам пакаранага не выдаецца, месца пахавання не паказваецца.
Варта адзначыць атмасферу сакрэтнасці ў дачыненні да пытання прымянення смяротнага пакарання ў краіне. Прадстаўнікам кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, якая праводзіцца з 2009 года, вядома толькі колькасць вынесеных і ўступіўшых у сілу смяротных прысудаў. Так, з 1990 года ў Беларусі ўступілі ў сілу смяротныя прысуды, вынесеныя ў дачыненні да 329 чалавек. З іх 281 прысуд быў вынесены ў перыяд з 1990 па 1999 гады. Пасля 1999 года назіраецца тэндэнцыя да рэзкага зніжэння колькасці вынесеных прысудаў. Так, з 2000 па 2013 было вынесена 50 смяротных прысудаў. Дадзены факт, у першую чаргу, звязаны са з’яўленнем у 1998 годзе ў Крымінальным кодэксе Беларусі альтэрнатыўнага смяротнаму пакаранню віда пакарання – пажыццёвага зняволення.
Артыкулы па тэме