У паведамленні Камітэта ААН гаворыцца, што зварот зарэгістраваны ў КПЧ за нумарам 2655/2015 і адпаведнае паведамленне было накіравана дзяржаве, а таксама, што КПЧ просіць дзяржаву не выконваць прысуд да моманту прыняцця рашэння па звароце.

16 кастрычніка Андрэй Палуда накіраваў апавяшчэнні ў Міністэрства замежных спраў, Міністэрства ўнутраных спраў і Генеральную пракуратуру з інфармацыяй пра тое, што зварот Сяргея Іванова быў прыняты да разгляду ў КПЧ ААН.

Пры гэтым А. Палуда просіць МЗС уведаміць Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь, Генеральную пракуратуру і МУС аб рэгістрацыі ў КПЧ ААН індывідуальнага звароту, пададзенага ў інтарэсах С. Іванова, а таксама пракантраляваць выканнае міжнародных дамоваў падначаленымі ўстановамі. А непасрэдна МУС і Генеральную пракуратуру – не прыводзіць ў выкананне смяротны прысуд, вынесены Вярхоўным судом, да разгляду звароту ў КПЧ ААН у адпаведнасці з п. 92 правілаў працэдур Камітэта.

Неабходнасць накіравання дадзеных зваротаў у дзяржаўныя органы выклікана тым, што папярэднія смяротныя прысуды выконваліся беларускай дзяржавай да разгляду зарэгістраваных зваротаў у КПЧ ААН і насуперак вынесеных КПЧ тэрміновых працэдур абароны. Такім чынам былі расстраляныя сямёра асуджаных да смяротнага пакарання: Андрэй Жук і Рыгор Юзэпчук (2009), Андрэй Бурдыка і Алег Грышкаўцоў (2011), Уладзіслаў Кавалёў (2012), Павал Сялюн і Аляксандр Груноў (2014). Камітэт ААН па правах чалавека публічна выказаўся ў дачыненні да пакарання смерцю Аляксандра Грунова. Адпаведны прэс-рэліз на англійскай мове быў апублікаваны на вэб-сайце Упраўлення Вярхоўнага камісара па правах чалавека. Камітэт выказаў сур’ёзную занепакоенасць тым, што Беларусь прывяла ў выкананне смяротнае пакаранне  ў дачыненні да чалавека, чыя скарга яшчэ знаходзіцца на разглядзе КПЧ ААН.  “Гэта сур’ёзнае парушэнне Рэспублікай Беларусь міжнародна-прававых абавязацельстваў”,  – заявіў тыды сэр Найджэл Родлі, старшыня Камітэта.

“Мы спадзяёмся, што гэтым разам Рэспубліка Беларусь выканае ўзятыя на сябе міжнародныя абавязальніцтвы і не прывядзе прысуд ў выкананне ў дачыненні да Сяргея Іванова да прыняцця рашэння КПЧ ААН па яго індывідуальнаму звароту”, – адзначае каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда.

Па прысудзе Гомельскага абласнога суда, абвінавачаны С. Іваноў  быў асуджаны да вышэйшай меры пакарання – растрэлу. Да падачы звароту ў КПЧ былі пройдзены ўсе судовыя інстанцыі на нацыянальным узроўні. Але прысуд да вышэйшай меры пакарання пакінулі без зменаў.

Артыкулы па тэме

«Забойства па прысудзе …» – у Вільні прайшла дыскусія на тэму смяротнага пакарання

Мандат спецдакладчыка па Беларусі працягнуты яшчэ на адзін год

Камітэт ААН па правах чалавека публічна выказаўся пра смяротнае пакаранне Аляксандра Грунова