Мерапрыемства дазволіла разгледзець і абмеркаваць розныя бакі праблемы смяротнага пакарання на лакальным і міжнародным узроўнях. Так, напрыклад, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда (на фота) падчас свайго выступу нагадаў прысутным пра закрытасць тэмы смяротнага пакарання ў Беларусі і засакрэчанасць матэрыялаў: “Наяўнасць смяротнай кары ў нашай краіне з’яўляецца адпаведным індыкатарам сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і адносінаў дзяржавы да сваіх грамадзян. Смяротнае пакаранне ў дваццаць першым стагоддзі – гэта сапраўднае варварства і дзікунства. Тым больш тое, якім чынам адбываецца гэта пакаранне – шляхам расстрэлу. Праблема заключаецца і ў той сакрэтнасці, якая існуе сёння вакол тэмы смяротнага пакарання – нават сваякі асобаў, у дачыненні да якіх прыведзены ў выкананне смяротныя прысуды, не могуць атрымаць звязаную з гэтым інфармацыю”.
Аспект міжнароднага ўзаемадзеяння ў пытанні адмены смяротнага пакарання закрануў Амбасадар па спецыяльных даручэннях у рэгіёне Усходняй Еўропы (Усходняе Партнёртсва) МЗС Літвы Жыгімантас Павілёніс. Ён перш за ўсё адзначыў, што яго асабіста вельмі здзіўляе пазіцыя ўладаў Беларусі, якія спадзяюцца на пацяпленне адносін з Еўрасаюзам, улічваючы сітуацыю з правамі чалавека ў краіне: “Я асабіста пераканаўся, што беларусы цалкам еўрапейская нацыя. Але Беларусь не можа ўспрымацца Еўропай як частка еўрапейскай ідэнтычнасці пакуль не будуць закладзены фундаментальныя асновы дэмакратыі і гуманнасці. Наяўнасць смяротнага пакарання – гэта стаўленне ўладаў да сваіх грамадзянаў. Я шчыра спадзяюся на змены ў рэчышчы правоў чалавека і смяротнага пакарання ў краіне”.
У рамках дыскусіі было закранутае і пытанне пазасудовай расправы ў Беларусі – праваабаронца Раіса Міхайлоўская распавяла пра сувязь невытлумачальных знікненняў апанентаў Аляксандра Лукашэнкі з існаваннем смяротнага пакараня ў Беларусі.
“Здавалася б усе гэтыя знікненні палітыкаў не ўзаемазвязаны, але ўсіх іх аб’яднаў расстрэльны пісталет. Менавіта расстрэльны пісталет, з дапамогай якога выконвалі смяротныя прысуды, стаў інструментам забойства палітычных апанентаў улады. Гэтыя людзі не былі ні злачынцамі, ні гвалтаўнікамі. Гэта была эліта краіны. І зараз тое, у якім жаласным стане знаходзіцца наша краіна, ёсць лагічны вынік тых палітычных знікненняў. Мы як праваабаронцы патрабуем, каб тыя крымінальныя справы, у якіх расследуюцца гэтыя знікненні, разглядаліся ў рэчышчы выканання пазасудовага пакарання смерцю,” – заявіла Раіса Міхайлоўская.
Падчас дыскусіі адбыўся прэм’ерны паказ фільма «Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання». Фільм складаецца з шасці кліпаў-аргументаў, якія распавядаюць пра непрапарцыйнасць і жорсткасць такой меры пакарання. Так, у якасці аргументаў аўтары фільма пералічваюць магчымасць судовай памылкі, неэфектыўнасць смяротнага пакарання ў папярэджанні злачынстваў, магчымасць выкарыстання смяротнага пакарання супраць палітычных апанентаў улады і жорсткасць у дачыненні да сваякоў, якія не могуць нават пахаваць пакаранага смерцю. Таксама аўтары згадваюць пра магчымы ўплыў такой працы на людзей, якія прыводзяць прысуд у выкананне і забіваюць асуджаных ад імя дзяржавы. Яшчэ адзін аргумент – рэлігійны, заснаваны на славутым “Не забі!”.
Рэжысёр фільма Віктар Трацякоў і аўтар сцэнарыя Паліна Сцепаненка распавялі, што ідэя стварэння гэтага фільма нарадзілася падчас дыскусій на летніх школах па правах чалавека ў Вільні, калі праз пэўны час стала зразумела, што ёсць аргументы супраць, якія застаюцца нязменнымі. Асноўная мэта стварэння гэтага фільма – данесці да розных катэгорый насельніцтва ў Беларусі і ў свеце антыгуманнасць смяротнага пакарання.
Нагадаем, 10 кастрычніка адзначаецца Сусветны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання. З гэтай нагоды праваабаронцы з 5 па 10 кастрычніка праводзяць штогадовы інфармацыйна-асветніцкі Тыдзень супраць смяротнага пакарання ў Беларусі, да якога ў гэтым годзе далучыліся прыхільнікі абаліцыянісцкага руху ў Літве, Польшчы, Украіне, Казахстане.
Артыкулы па тэме