21 верасня ў Варшаве распачала працу найбуйнейшая штогадовая еўрапейская канферэнцыя па правах чалавека і дэмакратыі, арганізаваная БДІПЧ АБСЕ. Падчас выступу праваабронца Уладзімір Лабковіч адзначыў, што выбары прэзідэнта Беларусі ў 2015 годзе праходзяць на фоне значных зменаў геапалітычнай сітуацыі ў рэгіёне ў сувязі з украіна-расійскім канфліктам, а таксама пагаршэння ўнутраннай эканамічнай сітуацыі. Лабковіч падкрэсліў, што 22 жніўня ўказам прэзідэнта былі памілаваныя шасцёра палітычных зняволеных, 31 жніўня пад падпіску аб нявыездзе былі адпушчаныя фігуранты так званай “справы аб беларускіх графіці”, а 9 верасня на падпіску аб нявыездзе была зменне мера стрымання ў адносінах да кандыдата ў прэзідэнты падчас мінулых прэзідэнскіх выбараў Алеся Міхалевіча.
“Праваабаронцы вітаюць дадзеныя крокі ўладаў Беларусі, аднак толькі сістэмныя крокі па паляпшэнню сітуацыі з правамі чалавека ў краіне змогуць садзейнічаць узнікненню сапраўднага клімата даверу ў беларускім грамадстве і стаць рэальным сведчаннем гатоўнасці ўладаў да правядзення рэформаў.Мы патрабуем неадкладнай адмены любых крымінальных пераследаў вышэйназваных асобаў: нягледзячы на тое, што яны знаходзяцца на свабодзе, пагроза крымінальнага пераследу для іх захоўваецца”, – сказаў праваабаронца.
Адносна выбараў, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” адзначыў, што рэкамендацыі АБСЕ па паляпшэнні выбарчага заканадаўства, зробленыя па выніках назірання за папярэднімі выбарчымі кампаніямі, так і не былі ўлічаныя. А апошнія змены, унесеныя ў Выбарчы кодэкс у 2013 годзе ў асноўным пагаршаюць умовы правядзення агітацыйнай кампаніі.
“Мы са шкадаваннем адзначаем, што Цэнтральная выбарчая камісія не пагадзілася з прапановай праваабаронцаў аб паляпшэнні ўмоваў правядзення падліку галасоў. Працэс фарміравання тэрытарыяльных участковых камісій захаваў негатыўныя падыходы. Як і раней, асноўнымі арганізатарамі выбараў у Беларусі з’яўляюцца праўладныя грамадскія арганізацыі, якія прадстаўляюць 35,6% ад агульнай колькасці сябраў участковых камісій. У той жа час прадстаўнікі ад апазіцыйных партыяў не ўключаліся ў склад выбарчых камісій. У камісіі ўключаны толькі 6% ад высунутых апазіцыяй прадстаўнікоў, што ў агульным складзе камісій складаюць 0,46%. Да прыкладу, у горадзе Мінску, дзе пражываюць 20% выбаршчыкаў няма ніводнага прадстаўніка апазіцыі ва ўчастковых выбарчых камісіях. Такога мінімальнага прадстаўніцтва апазіцыі ў камісіях не было ні на адных прэзідэнцкіх выбарах”, – распавёў праваабаронца.
Уладзімір Лабковіч адзначыў, што такім чынам, спрабуючы скласці бачнасць канкурэнтнай кампаніі, улады захавалі поўны кантроль за выбарчымі працэдурамі.
“Мы заклікаем улады не прымяняць адміністрацыйны ціск на выбаршчыкаў, прымушаючы іх удзельнічаць у галасаванні, а таксама патрабуем змяніць заганную практыку адсутнасці празрыстага падліку галасоў. Неабходна, каб і сябры камісій, і назіральнікі маглі бачыць падлік кожнага бюлетэня. Інакш не магчыма будзе казаць нават пра мінімальны прагрэс выбараў у Беларусі”, – заявіў Уладзімір Лабковіч.
Артыкулы па тэме