8 верасня раніцай ён вяртаўся ў Беларусь цягніком Вільня — Мінск і быў затрыманы ў Гудагаі памежнікамі як асоба, што знаходзіцца ў нацыянальным вышуку. Памежнікі перадалі Алеся супрацоўнікам міліцыі.
Варта адзначыць, што у дачыненні да А. Міхалевіча не спыненая крымінальная справа па падзеях масавай акцыі пратэсту пасля выбараў у 2010 годзе. Па выхадзе з следчага ізалятара КДБ у сакавіку 2011 года Алесь Міхалевіч заявіў пра шматлікія факты здзекаў і катаванняў, з’ехаў ў Чэхію, дзе атрымаў палітычны прытулак.
«Я лічу, што больш за ўсё ў «амерыканцы» пасля падзеяў 19 снежня 2010 года ціснулі менавіта на Алеся, з ім абыходзіліся надзвычай жорстка. І прычына, як ні дзіўна, была ў ягонай больш памяркоўнай пазіцыі сярод усіх апазіцыйных кандыдатаў, якія ў тых выбарах удзельнічалі. Яго палічылі слабым звяном. Я калі чытаў справу, спытаўся ў супрацоўнікаў КДБ, якія былі ў кабінеце: «А што ж так ціснеце на гэтага хлопца? Мабыць, палічылі, што ён самы слабы, што ён трымае памяркоўную пазіцыю, на плошчу не кліча?» Яны пасмяяліся і далі зразумець, што гэта сапраўды так. За Плошчу прад’явіць яму няма чаго, ён наагул быў не пры справах», – распавёў былы палітвязень і кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч.
Міхалевіча адпусцілі днём пад падпіску аб нявыездзе, хоць ён не падпісваў ніякіх дакументаў. Паводле слоў Міхалевіча, гэта першы прыклад у гісторыі юрыспрудэнцыі Беларусі, калі пад падпіску аб нявыездзе быў адпушчаны чалавек, які яе не падпісваў. Пры гэтым супрацоўнікі РАУС не паведамілі Міхалевічу пра магчымыя наступствы адмовы ад падпіскі.
Цяпер Алесь Міхалевіч збіраецца займацца абаронай правоў чалавека: «Калі я з’ехаў з Беларусі, я заявіў, што не з’яўляюся палітыкам, што прыпыняю сваю палітычную дзейнасць. На сённяшні дзень я таксама адчуваю сябе чалавекам, які хоча паспрыяць таму, каб у Беларусі выконваліся правы чалавека. Таму я б казаў пра сябе як пра чалавека, які хоча дапамагчы сабе і дапамагчы іншым у абароне нашых правоў. А палітычных планаў у мяне няма ніякіх. Я проста чакаю сустрэчы з сям’ёй, з дзецьмі і жонкай».
***
Нагадаем, што Алесь Міхалевіч, як большасць іншых кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 года, быў затрыманы ў ноч на 20 снежня 2010 г. 19 лютага 2011 года яго адпусцілі са следчага ізалятара КДБ пад падпіску аб нявыездзе, а 28-га ён арганізаваў прэс-канферэнцыю, на якой расказаў пра катаванні ў СІЗА.
У сакавіку 2011 года Міхалевіч тайна выехаў з Беларусі, растлумачыўшы гэта пагрозай «рэальнай фізічнай расправы», і праз некалькі тыдняў атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі.
Артыкулы па тэме