“Патлумачыўшы следчым матывы сваіх дзеянняў, адзін з падазраваных распавёў, што пашкодзіў білборды з-за крыўды на супрацоўнікаў праваахоўных органаў”, – напісана на сайце Следчага камітэта, які працягвае расследаванне крымінальнай справы.

На дадзены момант, хлопцы правялі за кратамі агулам 20 дзён. Адзін з іх, Максім Пякарскі, сустрэў свой 24-ы дзень народзінаў у СІЗА-1.

Абвінавачаны па “справе графіцістаў” Максім Пякарскі распавёў, як праходзіла ягонае затрыманне:

“У момант затрымання я, Вадзім Жаромскі і яшчэ адзін грамадзянін Расейскай Федэрацыі знаходзіліся ў кватэры, вокны ў комнаце былі расчыненыя. Сядзелі, размаўлялі на бытавыя тэмы, і раптам я заўважыў, што нешта сыплецца зверху на падваконнік. І літэральна праз некалькі секундаў зверху спускаецца чалавек па канаце ўвесь у абмундзіраванні, залятае ў вакно, дастае пісталет, наводзіць на нас і крычыць: “Усім ляжаць!” Адразу за ім праз вакно залятае яшчэ адзін супрацоўнік, які крычыць: “Вы што савецкую ўладу не любіце?” Мы ў шоку ад таго, што адбываецца. Пасля гэтага яны пачынаюцца лаяцца, збіваць нас, ужываць электрашокер. Хтосьці з іх адчыніў дзверы – залятаюць яшчэ некалькі чалавек, і агулам у кватэры было ўжо каля 10 супрацоўнікаў, у тым ліку і следчыя.

Пасля пачалі псіхалагічна ціснуць, выбіваць прызнанні ў маляванні графіці, дапытваць па чарзе адразу ў кватэры, пагражалі, што пасадзяць у турму.

Пасля прайшоў вобшук у кватэры, праглядалі ўсё вельмі дасканальна, літаральна кожны лісток. Але панятых прывялі толькі хвілін праз 20 пасля таго, як пачалі агляд. Потым пачалі апісваць і вымаць кампутары, флэшкі, дакументы, банкаўскія карткі. Папсавалі маёмасць у кватэры – разбілі шкляны столік, напрыклад.

Сталі пагражаць, што пасадзяць у турму не толькі нас, але і маю дзяўчыну. Яна ў гэты час мне як раз тэлефанавала, і пры нас супрацоўнік падняў тэлефон і падманам выклікаў яе на допыт. Сказаў, нібыта я на ровары збіў дзіцё, і трэба каб яна таксама пад’ехала.

Мне не давалі тэлефанаваць, груба парушалі мае правы, у тым ліку і права на абарону.

Пасля вобшуку нас вывелі ў наручніках як злачынцаў, пасадзілі ў машыну і адвезлі ў Следчы камітэт. Там на нас працягнулі ціснуць, пагражаць, дапытвалі да самай ночы. Казалі, што мы трапілі на “базу” і ўжо ніколі не выйдзем на волю. Там жа дапытвалі і маю дзяўчыну, пагражалі і ціснулі на яе”.

Нагадваем, што 11 жніўня ў Мінску былі затрыманыя пяцёра моладзевых актывістаў: Максім Пякарскі, Вадзім Жаромскі, Вячаслаў Касінераў, Яраслаў Ульяненкаў і грамадзянін Расійскай Федэрацыі Павел (прозвішча не вядомае). Двое апошніх былі пазней вызваленыя пад падпіску аб нявыездзе, а ў дачыненні да астатніх была абраная мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай да прад’яўлення абвінавачвання. Адзін з затрыманых знаходзіцца пад вартай у шпіталі, у які ён быў змешчаны з падвойным пераломам сківіцы пасля затрымання супрацоўнікамі МУС.

Падставай для крымінальнага пераследу і змяшчэння пад варту да прад’яўлення абвінавачванняў дадзеных маладых людзей стала ўзбуджэнне крымінальнай справы па факце нанясення графіці палітычнага зместу на плоце ды па факце псавання маёмасці індывідуальнага прадпрымальніка (біг-борда з выявай супрацоўнікаў міліцыі) па вул. Гарэцкага ў г. Мінску. Цяпер актывісты падазраваныя па крымінальнай справе за нанясенне патрыятычных графіці, якія «груба парушаюць грамадскі парадак і выражаюць відавочную непавагу да грамадства». На графіці былі напісаныя словы «Беларусь мае быць беларускай».

Артыкулы па тэме

Новая гучная справа ў Беларусі – затрыманыя ўжо могуць быць кваліфікаваныя як палітвязні

Міжнародны дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі адзначылі ў Вільні

Мандат спецдакладчыка па Беларусі працягнуты яшчэ на адзін год