22 жніўня нечакана на волі апынуліся шасцёра палітвязняў: Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Мікола Статкевіч, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка і Юры Рубцоў. У паведамленні адзначаецца, што рашэнне пра іх памілаванне кіруецца “прынцыпам гуманізму”. Пакуль невядома, ці былі скасаваныя судзімасці вызваленых палітвязняў, але гэтае пытанне застаецца даволі важным: без скасавання судзімасцяў існуе магчымасць іх вяртання за краты.
У Мікалая Статкевіча (на фота), які правёў за кратамі амаль 5 гадоў, адзінага з усіх вызваленых 22 жніўня палітвязняў у даведцы аб вызваленні стаіць пазнака «Падпадае пад нагляд». Цяпер стала вядома, што палітык будзе знаходзіцца пад прафілактычным наглядам міліцыі цягам 8 гадоў: ён будзе абавязаны з’яўляцца ў міліцыю па першым выкліку і не пакідаць сталае месца жыхарства больш, чым на 30 дзён.
“Вызвалення палітычных вязняў доўгі час патрабавалі беларуская і міжнародная праваабарончая супольнасць, а таксама краіны Еўразвязу і ЗША. Праваабарончы цэнтр “Вясна” вітае гэты крок беларускіх уладаў. Але, па-першае, не ўсе палітычныя вязні вызваленыя на сённяшні дзень. Не трэба забываць пра тых трох маладых людзей, якія, на нашую думку, былі беспадстаўна затрыманыя і ўтрымліваюцца ў мінскім СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага. Іх беспадстаўны пераслед мы прызнаем палітычна матываваным . Па-другое, хацелася б спадзявацца, што вызваленне палітычных вязняў будзе першым крокам да паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі”, – адзначыў праваабаронца, намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч.
У той жа час, адзначыў праваабаронца, сама па сабе сутнасць улады ў Беларусі не змянілася. Паводле Стэфановіча, рэпрэсіўны механізм, які склаўся ў дзяржаве, рэпрэсіўнае заканадаўства і практыка застаюцца нязменнымі. Як прыклад ён прывёў пераслед журналістаў-фрылансераў, наяўнасць заканадаўчых нормаў, якія наўпрост пярэчаць міжнародным нормам у галіне правоў чалавека, як крымінальны артыкул 193-1, што прадугледжвае адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
“Такая сітуацыя робіць верагодным з’яўленне новых палітвязняў. Таму вельмі важна, каб былі наступныя крокі, скіраваныя на паляпшэнне становішча з асноўнымі грамадзянскімі і палітычнымі правамі – свабодай слова, свабодай атрымання і распаўсюду інфармацыі, свабодай асацыяцыяў, свабодай мірных сходаў, свабодай сумлення і так далей”, – звярнуў увагу Стэфановіч.
Documents: