Мікалай Статкевіч быў асуджаны 26 мая 2011 г. на 6 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму. 4 мая гэтага года суд Мікалая Статкевіча было вырашана накіраваць для далейшага адбыцця пакарання з калоніі ў турму.

“Кандыдат у прэзідэнты краіны 2010 года Мікалай Статкевіч быў незаконна асуджаны пасля мінулай кампаніі і ўжо амаль пяць год знаходзіцца за кратамі. Нядаўна Мікалая пасля кароткага перапынка ізноў перавялі з калоніі ў турму. Мы разглядаем гэта, як спробу маруднага забойства лідара, які, не зважаючы на ціск, працягвае барацьбу за правы беларусаў нават за кратамі. Мы заяўляем, што без вызвалення і поўнага аднаўлення ў правах кандыдата у прэзідэнты Мікалая Статкевіча і ўсіх палітзняволеных ніякія выбары ў Беларусі не могуць лічыцца свабоднымі і справядлівымі, а кампанія 2010 года не можа лічыцца завершанай», – гаворыцца ў заяве ініцыятыўнай групы па вылучэнні Мікалая Статкевіча.

У адпаведнасці з Крымінальным кодэксам, злачынства, у здзяйсненні якога прызнаны вінаватым палітык, адносіцца да катэгорыі асабліва цяжкіх. Асуджаныя па такога роду злачынствах не могуць быць вызваленыя ад пакарання па амністыі. Артыкул, па якім асуджаны Статкевіч,  ўвайшоў ў пералік тых артыкулаў, па якіх не скарачаюць тэрмін пакарання на адзін год. Такім чынам, закон аб амністыі не можа стаць інструментам вызвалення палітвязня.

Пры гэтым грамадству актыўна навязваецца меркаванне, што для вызвалення Статкевічу неабходна проста напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Сам Лукашэнка неаднарозова рабіў такія заявы публічна:«Чацвёра не хацелі быць у турме. Яны не ў турме. Адзін, які сёння знаходзіцца там, ён хоча быць вязнем, і ён лічыць, што «вось я буду вязнем, гэта зробіць мяне героем у Беларусі». Ну, думаць не забаронена, хочаш так — хай будзе так», — выказваўся кіраўнік дзяржавы ў красавіку.

Як лічыць юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Павел Сапелка, па амністыі палітвязень Мікалай Статкевіч вызвалены быць не можа, аднак і сцверджанне аб тым, што Статкевіч павінен напісаць прашэнне, каб Лукашэнка мог яго вызваліць – неправільнае, бо згодна з існуючым заканадаўствам, і без прашэння Мікалай Статкевіч можа быць не толькі вызвалены, але і вернуты ў палітычнае жыццё.

“Памілаванне ажыццяўляецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь; на падставе акта памілавання асоба, асуджаная за злачынства, можа быць цалкам або часткова вызваленая ад пакарання, альбо вызваленая ад пакарання ўмоўна, альбо такой асобе неадбытая частка пакарання можа быць заменена больш мяккім пакараннем, альбо яму можа быць знятая судзімасць. Паколькі ў норме Крымінальнага кодэкса няма адпаведнага ўказання або дасылкі на парадак, устаноўлены іншым нарматыўным актам, памілаванне можа быць ажыццёўлена без выканання якіх-небудзь папярэдніх умоў або фармальнасцей ў выглядзе просьбы зняволенага, прызнання ім віны, раскаяння ў зробленым і да т.п.”, – заявіў Сапелка.

***

Мікалай Статкевіч — адзіны з былых кандыдатаў у прэзідэнты, які ўтрымліваецца  дагэтуль у турме пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 году. Суд прызнаў апазіцыйнага палітыка вінаватым у арганізацыі вулічных беспарадкаў і асудзіў на 6 гадоў зняволення. Мікалай Стактевіч не прызнаў сябе вінаватым і адмовіўся падаваць на імя Лукашэнкі прашэнне аб памілаванні. 

 

Documents: