Сёння ў Беларусі дзейнічае 47 псіханеўралагічных дамоў-інтэрнатаў, дзе пражываюць каля 12 000 беларусаў. На дадзены момант у краіне не існуе ніводнага даследавання ці аналіза ўмоў пражывання і якасці жыцця тых, хто там знаходзіцца. Прычынай гэтаму ёсць закрытасць і састарэлая сістэма функцыянавання такіх устаноў.
Прэзентацыя «Псіхіятрыя і правы чалавека ў Рэспубліцы Беларусь: заканадаўства і практыка» стала своеасаблівым запрашэннем да дыялогу і супрацоўніцтва ў межах працы над неабходнымі сістэмнымі зменамі, звязанымі з сур’ёзнымі парушэннямі правоў чалавека ў псіхіятрыі. Важнасць працы з гэтай тэмай у пачатку прэзентацыі падкрэсліў праваабаронца Сяргей Драздоўскі (на фота) , прадстаўнік Офіса па правах чалавека з інваліднасцю. “Людзі, каторыя з’яўляюцца карыстальнікамі паслуг псіхіятрыі, вельмі стыгматызуюцца ў беларускім грамадстве. Абразы і жарты адносна стану псіхічнага здароўя чалавека – гэта, на жаль, паўсядзённая і паўсюдная з’ява ў Беларусі,”- адзначыў праваабаронца.
Сярод ключавых момантаў у сітуацыі з правамі чалавека ў галіне псіхіятрыі, якія, паводле экспертаў патрабуюць перагляду і дапрацоўкі, эксперты згадалі прымусовае змяшчэнне людзей у псіханеўралагічныя дамы-інтэрнаты ды афіцыйнае прызнанне чалавека недзеяздольным. Сяргей Драздоўскі падкрэсліў, што і без таго складаны працэс вяртання да нармальнага жыцця ў грамадстве пасля дома-інтэрната, становіцца амаль немагчымым праз адміністрацыйныя і працэсуальныя цяжкасці. “Сістэма пабудаваная такім чынам, што апекуном ў дачыненні да чалавека, прызнанага недзеяздольным і змешчанага ў псіханеўралагічны інтэрнат, у большасці выпадкаў прызначаецца сам дырэктар інтэрната. Так, дырэктар можа быць апекуном для 200-300 чалавек, што, канешне, не спрыяе яго ўдзелу ў працэсе аднаўлення дзеяздольнасці,” – распавёў праваабаронца.
Падчас міжнароднай практычнай сустрэчы юрыстаў, праваабаронцаў і экспертаў у галіне псіхіятрыі, якая праходзіла напярэдадні прэзентацыі, былі прааналізаваныя заканадаўства, правапрымяняльная практыка, асаблівасці беларускай рэальнасці. У абмеркаваннях прынялі ўдзел юрысты і праваабаронцы-практыкі, якія маюць досвед працы з сітуацыямі парушэнняў правоў чалавека ў псіхіятрыі, а таксама псіхіятры-практыкі, што ацэньваюць рэальную сітуацыю з іншай, прафесійнай перспектывы.
З такімі складанасцямі як закрытасць, недаступнасць, недасканаласць сістэмы, паводле псіхіятра, доктара медыцынскіх навук, Томаша Шафраньскага (Польшча), ў большай ці меншай ступені сутыкаецца большасць сучасных краін. Доктар Шафраньскі (на фота) адзначыў неабходнасць распрацоўкі адмысловай праграмы на нацыянальным узроўні, якая была б накіраваная на сістэмныя змены і паляпшэнне становішча з правамі чалавека ў галіне псіхіятрыі. Паводле эксперта, такая праграма мусіць уключаць захады па ўмацаванні гарантый абароны правоў чалавека, усталяванні адкрытасці сістэмы, зняцця лішніх абмежаванняў ды палягэчнні працэса маніторынга.
Аб неабходнасці рэформ заявіла таксама Эва Сзелі (на фота), венгерска-амерыканскі псіхолаг, юрыст, што спецыялізуецца на пытаннях правоў чалавека людзей з псіхічнымі разладжаннямі. Яна падрыхтавала і прадставіла спіс рэкамендацый для правядзення рэформы заканадаўства аб псіхіятрычнай дапамозе ў Беларусі. Рэкамендацыі Эвы Сзелі тычацца арганізацыі сістэмы прадастаўлення паслуг ды абмежавання волі у галіне псіхічнага здароўя, пытанняў адносна паняцця дзеяздольнасці ды гарантый прадастаўлення раўназначных умоў абароны правоў ў дачыненні да людзей з псіхічнымі разладжаннямі. Аднак юрыст падкрэсліла, што самі карыстальнікі паслуг псіхіятрыі абавязкова мусяць мець доступ і прымаць непасрэдны ўдзел у рэформах і толькі такі падыход дазволіць пазбегнуць неаб’ектыўнасці.
Прэзентацыя «Псіхіятрыя і правы чалавека ў Рэспубліцы Беларусь: заканадаўства і практыка» была арганізаваная Беларускім домам правоў чалавека ім. Б. Звозскава (Літва), Хельсінкскім фондам па правах чалавека (Польшча), Амерыканскай асацыяцыяй юрыстаў (ЗША) і стала запрашэннем для грамадскіх актывістаў ды праваабаронцаў аб’яднацца для працы над паляпшэннем сітуацыі ды захаваннем стандартаў у псіхіятрыі ў Беларусі.
Артыкулы па тэме