22 студзеня ў Мінску актывісты прыйшлі да помніка Тарасу Шаўчэнку, размешчанаму недалёка ад пасольства Украіны, усклалі кветкі, запалілі свечкі і разгарнулі вялікі партрэт Міхаіла Жызнеўскага — беларуса, загінулага ва Украіне роўна год таму на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве. Пасля акцыі яны былі затрыманыя міліцыяй і дастаўленыя ў пастарунак. Паводле даных праваабаронцаў, у дачыненні да некаторых затрыманых ужывалася фізічная сіла. Пасля паўночы чацвёра актывістаў былі адпушчаныя.

Суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў удзельнікаў акцыі ў памяць герояў Нябеснай сотні (так завуць загінулых у студзені—лютым 2014 года еўрамайданаўцаў), якая прайшла ў Мінску вечарам 22 студзеня, вінаватымі ў парушэнні парадку арганізацыі і правядзенні масавага мерапрыемства (арт. 23.34 КоАП).

Максім Вінярскі і Алесь Макаеў пакараныя адміністрацыйнымі арыштамі на 15 сутак, Яўген Батура і Мікалай Колас — на 10 сутак, Вольга Мікалайчык — на 5 сутак. Іх справы разглядала суддзя Вікторыя Шабуня на выязным пасяджэнні, якое прайшло проста ва УУС Цэнтральнага раёна, куды напярэдадні вечарам былі дастаўленыя затрыманыя.

Праваабаронцы паведамлялі, што справы разглядаліся ў закрытым рэжыме, аднак Вярхоўны Суд у сваім прэс-рэлізе паведаміў, што працэсы насілі хоць і выязны, але адкрыты характар.

Адміністрацыйная справа пенсіянеркі Ніны Багінскай, якая таксама была затрыманая вечарам 22 студзеня, але затым адпушчаная з РУУС, разглядалася сёння ў будынку суда Цэнтральнага раёна. Жанчына аштрафаваная на 20 базавых велічынь (больш за 200 $).

 «У апошнія часы любая вулічная актыўнасць у абсалютна любых формах жорстка падаўляецца ўладамі. Распаўсюд улётак на вуліцы трактуецца як несанкцыянаваны пікет, публічныя фотасесіі. У гэтым выпадку было ўскладанне кветак, расцэненае праваахоўнікамі як несанкцыянаванае мерапрыемства. Мне падаецца, што ўсё гэта сведчыць пра набліжэнне прэзідэнцкіх выбараў. Для ўладаў скрайне важна падаўляць любыя вулічныя актыўнасці, не важна, па якой тэматыцы, не важна, хто гэта робіць. Проста не дапускаць выхаду людзей на вуліцы», – пракаментаваў сітуацыю намеснік старшыні зачыненага ўладамі Праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

Па словах Стэфановіча, дзеянні ўладаў насілі дэманстратыўна жорсткі характар. «Суды прайшлі цалкам закрыта. Ніхто не здолеў папрысутнічаць на разглядзе гэтых справаў, толькі самі людзі, у дачыненні да якіх вёўся адміністрацыйны працэс, адвакаты, якіх паспелі знайсці, і  нешматлікія сведкі, якіх апытвалі пасля падачы хадайніцтваў. Ні журналісты, ні прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў, ні прадстаўнікі грамадскасці на суды не патрапілі», — канстатуе Валянцін Стэфановіч.

Ён падкрэслівае, што гэта з’яўляецца грубейшым парушэннем аднаго з асноўных прынцыпаў адміністрацыйнага працэсу, які замацаваны ў Працэсуальна-выканаўчым кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях, — публічнага адкрытага разгляду адміністрацыйных справаў. І, натуральна, санкцыі да затрыманых. Адміністрацыйныя арышты вынесеныя практычна да ўсіх — ад пяці да пятнаццаці сутак, выключэнне толькі складае 67-гадовая пенсіянерка спадарыня Багінская, аштрафаваная на 20 базавых велічыняў.

«Яна распавяла, што падчас і пасля затрымання, калі яны ўжо знаходзіліся ў аўтобусе, потым у РУУС супрацоўнікі АМАПу паводзілі сябе скрайне непрыстойна, яны абражалі затрыманых нецэнзурнай лаянкай, дазвалялі сабе цынічныя выказванні нават у дачыненні да жанчыны паважанага веку, забралі ў яе кіёчак”, – адзначыў праваабаронца.

 

Артыкулы па тэме

“Найноўшая гісторыя ў асобах” – кніга гістарычнага аптымізму

Суд не задаволіў скаргу праваабаронцы Алены Танкачовай на рашэнне аб высылцы з Беларусі

Юрый Рубцоў – новы зняволены па палітычных матывах