Нагадаем, 5 лістапада мінулага года Танкачовай было прадпісана на працягу месяца пакінуць Беларусь і  не наведваць краіну ў найбліжэйшыя тры гады. Падставай для такога рашэння сталі зафіксаваныя відэакамерамі факты нязначнага перавышэння хуткасці аўтамабілем Танкачовай.

Праваабаронца гэтае рашэнне абскардзіла. Працэс абскарджвання прадугледжвае прыпыненне прадпісання аб высылцы на тры месяцы — па месяцу на абскарджанне ў кожнай з прадугледжаных інстанцый. 12 снежня праваабаронцы адмовілі ў задавальненні скаргі ў першай інстанцыі.

Грамадзянка Расіі Алена Танкачова жыве ў Беларусі каля 30 гадоў. На працягу 20 гадоў Танкачова і Цэнтр прававой трансфармацыі, які яна ўзначальвае, аказваюць прафесійную юрыдычную і экспертную падтрымку некамерцыйным арганізацыям Беларусі, а таксама ў сітуацыях з парушэннямі правоў чалавека.

На папярэднім пасяджэнні, 12 студзеня, Танкачова папрасіла суд адмяніць рашэнне аб яе высылцы з краіны як прынятае на падставе ўяўных пагроз. Паводле слоў праваабаронцы, органы ўнутраных спраў зыходзяць з таго, што яна раней «кіравала сродкам павышанай небяспекі, парушыўшы правілы дарожнага руху, што магло прывесці да прычынення грамадзянам цялеснага пашкоджання або пацягнуць іх смерць». «Але я за ўсё жыццё ні разу не ўчыняла дзеянняў, якія пацягнулі б прычыненне ўрону здароўю грамадзян. Таму абгрунтаванне органаў унутраных спраў заснавана на ўяўнай пагрозе, якую нельга лічыць дакладнай», — сказала Танкачова.

Акрамя таго, адзначыла Танкачова, у міліцыі няма дакладных доказаў таго, што менавіта яна кіравала аўтамабілем, калі камеры зафіксавалі перавышэнне хуткасці.

Праваабаронца таксама прасіла ўлічыць, што яе «сувязь з Рэспублікай Беларусь носіць доўгачасовы і ўстойлівы характар» — тут у яе ёсць пастаянная праца і маёмасць, а яе дачка з’яўляецца грамадзянкай Беларусі. Ні ў якіх іншых краінах Танкачова не мае ні працы, ні маёмасці, ні жылля.

Сама Алена Танкачова падчас прачытання пастановы адсутнічала, таму што адчула вялікае хваляванне, псіхалагічнае напружанне і магла б не стрымаць эмоцыі. Пазней яна выказала сваю кропку гледжання на рашэнне:

“Я са свайго боку думаю, што добрасумленна падыйшла да падрыхтоўкі і працы ў судовым працэсе. Намі былі прадстаўлены ў дастатковым аб’еме доказы, як пісьмовыя, так і сведкаў, і я думаю, што гэта павінна было паўздзейнічаць на рашэнне суда, як мінімум у частцы перагляду тэрмінаў высылкі. Але суд не пайшоў па гэтаму шляху. Згодна заканадаўства суд мае права на сваю ацэнку і сваё меркаванне, менавіта так я зараз адношуся да гэтага. Планую рабіць касацыйнае абскарджванне дадзенага рашэння”.

Таксама яна заўважыла, калі ў гэтым судовым працэсе яны з прадстаўніком змаглі б адстаяць сваю пазіцыю, то беларускім уладам прышлося б пераглядаць як мінімум большую частку ўжо раней вынесеных пастаноў аб высылцы іншых людзей. Такім чынам, быў бы створаны прэцэндэнт практыкі правапрымянення і гэта б паставіла органы ўнутраных спраў у цяжкае становішча.

Алена выказалася, што праз тры гады яе абавязкова можна будзе пабачыць зноў у краіне, яна збіраецца назапасіць сілаў, ідэй, планаў і вернецца, каб зноў гаварыць пра права і дэмакратыю ў Рэспубліцы Беларусь.

Грамадскія актывісты сабралі 7 тысяч подпісаў пад просьбай не высылаць Танкачову з краіны. Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці лічаць дзеянні ўлад непрапарцыянальнай і палітычна матываванай санкцыяй, звязанай з прафесійнай дзейнасцю праваабаронцы.

 

 

Артыкулы па тэме

Юрый Рубцоў – новы зняволены па палітычных матывах

Палітвязень Эдуард Лобаў выйшаў на волю

Смяротнае пакаранне, палітычны пераслед, прэвентыўныя затрыманні – Дзень правоў чалавека ў Беларусі