Эдуард Лобаў правёў за кратамі роўна чатыры гады. У Івацэвічы сустракаць яго сабраліся сябры, проста спагадныя людзі і журналісты. Як паведаміў Эдуард па выхадзе са сценаў турмы, яшчэ у 2011-м яму тройчы прапаноўвалі пісаць прашэнне аб памілаванні, ён адмовіўся і з таго часу яму пра гэта не казалі.

У сувязі з прызначэннем прэвентыўнага нагляду Лобаў пакуль не ведае, чым будзе займацца, але падкрэсліў, што ў турме яго погляды не змяніліся і ён будзе працягваць грамадска-палітычную дзейнасць.

Лобаў быў затрыманы разам са Змітром Дашкевічам 18 снежня 2010 г., за дзень да прэзідэнцкіх выбараў.

Паводле міліцыі, у двары жылога дома па вуліцы Янкі Брыля яны нібыта збівалі Канстанціна Савіцкага і Алега Малышава. Праўда, гэтыя нідзе не працуючыя грамадзяне так і не з’явіліся ў судзе ўжывую.

Затрыманне Дашкевіча і Лобава было ацэнена як прэвентыўная мера міліцыі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. 24 сакавіка 2011 г. Лобаў быў прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а Дашкевіч — да двух гадоў.

За кратамі ў Беларусі на дадзены момант застаецца пяць палітвязняў:

кандыдат у прэзідэнты Мікола Статкевіч, які асуджаны на шэсць гадоў зняволення. Ён павінен выйсці на волю праз два гады, 19 снежня 2016 года. Адбывае пакаранне: 212011 г. Магілёў, вул.Крупскай, 99а, турма № 4, але 12 студзеня павінен быць пераведзены ў калонію,

Таксама за кратамі знаходзяцца чатыры анархісты:

Мікалай Дзядок, асуджаны на 4,5 года турмы. Павінен выйсці на волю 6 сакавіка 2015 года. Адбывае пакаранне: 212011 г. Магілёў, вул.Крупскай, 99а, турма № 4

Ігар Аліневіч, асуджаны на 8 гадоў зняволення. Павінен выйсці на волю 6 верасня 2018 года. Адбывае пакаранне: 211440 Віцебская вобл., г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8, папраўчая калонія № 10

Яўген Васьковіч, асуджаны на 7 гадоў зняволення. Павінен выйсці на волю ў студзені 2018 года. Адбывае пакаранне: 212011 г. Магілёў, вул.Крупскай, 99атурма № 4

Арцём Пракапенка, асуджаны на сем гадоў зняволення. Павінен выйсці на волю ў студзені 2018 года. Адбывае пакаранне: 212013, г. Магілёў, Слаўгарадская шаша, 183, ВК № 15.

Палітвязнем неўзабаве можа стаць і актывіст Юрый Рубцоў, вядомы тым, што на акцыі апранае футболку з  надпісам “Лукшэнка, сыходзь!” .

Documents: